Душа компании, магнит для близких. Участник клуба «Ветеран» Зоя Хвощ встретила свое 75-летие

Общество

Рознае за гады было, але пачні ўсё з пачатку, нічога не хацела б мяняць. Вось так ацэньвае свае 75 Зоя Сяргееўна Хвошч. І пра які б перыяд не расказвала, гаворыць з лёгкай іроніяй, з тонкім пачуццём гумару – так, як і жыве. І адзінае, пра што просіць Бога для сябе – каб колькі жыве, магла працаваць.

У кого-то бабушка – вредная старушка,
А моя бабуля – резвая девчушка!
Ты ж так стараешься по дому нам помочь,
Порою увлекаешься и встать потом невмочь.
Любишь покомандовать, “нотаций” почитать,
Пирогом порадовать, посадкой заправлять:
Не там рассаду ставим мы, не так мы варим суп…
Конечно, не сравнимся мы с искусством твоих рук!
Всегда ты дегустатор наших новых блюд,
Ведь бабушкины отзывы никогда не врут.
Тебя все очень любим мы, желаем все добра!
Ведь лучше всех на свете бабуля у меня!
Внучка Ульяна.

Марыла стаць мачыхай

У юнацтве Зоя Сяргееўна паглядзела фільм “Мачыха”. Плакала, і марыла таксама ёй стаць, каб абавязкова быць добрай. Мачыхай не атрымалася, але калі ажаніўся сын, з’явіўся Дзіма – брат нявесткі, сірата, які і стаў ажыццяўленнем мары. “Мы з любоўю прынялі яго ў сям’ю, ён вырас, і лічу яго другім сынам, з якім падтрымліваем пастаянныя стасункі”, – кажа жанчына, якая ўхітраецца быць магнітам для сваіх нашчадкаў. На канікулах заўсёды імчыць ва Ушачы малодшы ўнук Косцік, зараз выпускнік школы. Вельмі чакала старэйшага Пашку, які з-за кавіда на тры гады “застраў” у В’етнаме. Ён, можна сказаць, працягвае дзедаву справу – працуе ў фірме па сувязям з грамадскасцю, займаецца рэкламай. Ну а Уля вырасла ў бабулі “пад падолам”, таму ў многім на яе падобная. Таксама піша вершы, выдатна гатуе – за тры хвіліны ў мікрахвалеўцы кексы зробіць. Наогул, гаспадыню ўжо выцеснілі з кухні. Дакладней, яна выконвае важную функцыю: камандуе, як што рабіць.

Аўтограф ад Дударава, хустка ад Крываблоцкага.

Што будуць госці, загадзя ведала зрэдку. “Зоя, мы ідзем”, – тэлефанаваў Уладзімір Іванавіч Хвошч, муж, адказны сакратар, а потым рэдактар “Патрыёта”. І ёй за некалькі хвілін трэба было нешта прыдумаць. А адлегласць ад друкарні (цяперашні Дабраном) да першай шматпавярхоўкі па Садовай – некалькі метраў. Пакуль падымаліся па лесвіцы, накрывала стол. Слава пра ўшацкія клёцкі і ў савецкія часы, відаць, была добрай, часта даводзілася рабіць іх і ёй, аднойчы і пасярод ночы. Пісьменнікі, паэты, мастакі, што афармлялі музей – дзверы не зачыняліся. Надакучвала, стамлялася, біла па кішэні? Канечне. Але яна прыгадвала гасцінную сям’ю бацькоў, у якой не адпускалі, не пачаставаўшы, ды і сама інакш не магла. Ведалі, што ў Косці добрая маці і ўсе сынавы аднакласнікі, таму збіраліся менавіта ў іх.

Першая ж іх кватэра па Савецкай наогул нагадвала вакзал. Побач спыняўся аўтобус, і знаёмыя ці наогул невядомыя людзі пакідалі чамаданы, начавалі самі. Спакайней стала ў катэджы. Хаця і там гасцявы пакой на другім паверсе памятае Алеся Ставера, Алега Салтука, Уладзіміра Крываблоцкага…. Шмат кніг з аўтографамі Барадуліна, Быкава, Дударава захоўваецца ў іх сям’і. Вершы з іх Зоя Сяргееўна выбірала для выступленняў у клубе “Ветэран”. А пра мастака пастаянна нагадвае мяккая хустачка ў тонах роспісу музея, якую яна любіць насіць.

Складальнік і чытальнік

Свае ці чужыя вершы чытае, залежыць ад танальнасці мерапрыемства. На выступленні хора “Ветэран” перавагу надавала чужым і вельмі разнастайным: ад сур’ёзных, патрыятычных, да гумарэсак, якія вельмі трапна пасаваліся з яе вясёлым характарам. Калі чытала байку пра наведванне стаматолага, людзі покатам лажыліся. І заўсёды чакала іх сяброўская кампанія ўласных сачыненняў Зоі Хвошч. Збіраліся члены клуба “Ветэран” раней часта, і яна абавязкова складала трапныя радкі пра кожнага ўдзельніка або імянінніка. Не віншавалі ніколі чужымі вершамі калег і ў аддзеле грамадскага харчавання райспажыўтаварыства, дзе яна працавала эканамістам. Ды і дачка, калі рыхтуе канферанс да чарговага канцэрта, часта просіць маці перарабіць верш.

“Заўсёды шкада “губляць” членаў нашага калектыву, калі па стане здароўя перастаюць наведваць рэпетыцыі. Зою Сяргееўну асабліва, – кажа кіраўнік клуба “Ветэран” І.С.Клімава. – Гэта душа кампаніі, жартаўнік і незаменны артыст падчас канцэртаў. Яна магла закрыць любую нішу, настолькі шырокі быў яе рэпертуар. Выдатная памяць – лёгка запамінала нават вельмі вялікія ўрыўкі. Заўсёды з прычоскай, прыбраная – яна ўвасабленне сапраўднай жанчыны, у тым ліку і гаспадыні. Выдатна гатуе і заўсёды частавала нас выпечкай. На 35-годдзе хору не змагла прысутнічаць, дык перадала і свой славуты пірог, і спецыяльна прысвечаны верш”. Сама ж Зоя Сяргееўна падкрэслівае, што хор клуба “Ветэран” упрыгожыў 10 год яе жыцця і падарыў новых сяброў.

Яна, дарэчы, аўтар не толькі чатырохрадкоўяў. Былі ў яе амаль што паэмы, напрыклад, з нагоды дэмантажу са скверу помніка У.Леніну. Калі б збірала тое, што пісала з юнацтва, не адзін зборнік атрымаўся б. А так яе вершы, як казкі ці прымаўкі – народная творчасць, якая цытуецца і чытаецца ў крузе сяброў.

І швец, і жнец

“Што там твая жонка будуе, адны вокны ды дзверы”, – пыталіся ва Уладзіміра Іванавіча, паколькі будаўніцтва катэджа сапраўды вяла яна і хацела, каб дом быў светлы. Калі цэнтральнае ацяпленне мянялі на газ, за тыдзень перарабіла сістэму на больш рацыянальную і дачка з раддома вярнулася лічы што ў новы дом. Разам з Галяй будавалі хлявы, ставілі парнікі. За вечар магла скроіць і сшыць сукенку, а якіх парсюкоў гадавала. Складана сказаць, чаго яна не ўмее. “Здаецца, як стала хадзіць, так і працую, – кажа Зоя Сяргееўна. – Палолі, рыхтавалі сена, хадзілі ў лес па ягады. Прычым, мяне ў Кавалеўшчыне камандзірам клікалі, усе хлопцы прыслухоўваліся. Калі адобру, толькі тады і рабілі. Нас на хвілінку толькі на возера пускалі пакупацца. А ўзімку на лыжах, якія, дарэчы, бацька сам рабіў. Вельмі масцеравы па дрэве быў. Я ж пасля восьмага класа на льнозавод працаваць пайшла. Пакуль не паступіла ў Аршанскі тэкстыльны тэхнікум”.

Калі мама дома

У Галіны Уладзіміраўны захаваліся яркія дзіцячыя ўспаміны выхаднога дня. Мама дома. Раскладае з аднаго боку стол-кніжку, на якую выкладае стосы дакументаў. Брат злуецца, што зноў з ім ніхто не гуляе. А яна радуецца, што можа стварыць пад сталом лялечны домік і пакатацца на шчотах.

Так, на дом работу бралі часта, паколькі акрамя асноўнай у грамадскім харчаванні было шмат паралельнай. Падчас суботнікаў, напрыклад, нарыхтоўвалі кармы для падсобнай гаспадаркі, а толькі парсюкоў трымалі па 40 галоў. Аднойчы заданне пераважыць пагалоўе паступіла спантанна. Не паспела эканаміст пераапрануць свае бялюткія басаножкі і новую, учора сшытую сукенку. Пасля пераваг цянькамі прабіралася дадому, дзе і выкінула сапсаваныя абноўкі.

З 1971 па 2002 год працавала З.С.Хвошч у грамадскім харчаванні раёна. Памятае ўсе этапы яго станаўлення, і канечне, радасць ад пабудовы новага памяшкання адміністрацыі. У эканаміста нарэшце з’явіўся свой кабінет, дагэтуль цясніліся ў пакоі ўдзесяцярых. “Спецыфічная работа, людзі пазменна не па 8 гадзін працавалі, і я імкнулася, а калі і з начальствам спрачалася, каб былі годныя расцэнкі аплаты. Наогул старалася рабіць людзям дабро”.

* * *

Званне камандзіра яна, дарэчы, пранесла праз гады. “Мой генерал” – так клічуць Зою Сяргееўну цяпер дома. Дачка і ўнучка аберагаюць дарагога чалавека ад складанай працы і бездакорна прыслухоўваюцца да яе парад. “Усё, што мы ўмеем – ад мамы, – кажа Галіна Уладзіміраўна. – Як і рашучасць. Якую б здачу не загадаў лёс, яна хутка спраўляецца з эмоцыямі і абавязкова знаходзіць выйсце”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *