Работы по ремонту дорог Ушачского района проводятся согласно графику

Общество

Вясна распачынае актыўную фазу не толькі на палях, а і на дарогах. Рабочых у аранжавых камізэльках сустракаем апошнімі тыднямі літаральна штораз, як выязджаем на раён па рэдакцыйных справах. Калі ж нядаўна сонечнай раніцай, максімальна знізіўшы хуткасць, агіналі ўчастак ля Астравенца, дзе шчыравала брыгада ДРБУ-105, захацелася спыніцца і прывітаць работнікаў, якія спрытна зароблівалі ямы на палатне.

Чвэрць стагоддзя аддаў прадпрыемству дарожны рабочы Віктар Федарэнка, па дзесяць год – яго калега Віталь Бакан і трактарыст Валерый Магерка. Пачыналі кар’еру ў больш стабільны перыяд, але засталіся вернымі арганізацыі і ў нялёгкія часы. Добра ведае сваю справу Аляксандр Селявёнак, які ў гэты дзень быў заняты на падвозцы шчэбеню. Нядаўна далучыўся да брыгады Дзмітрый Краснік, але адразу адаптаваўся ў калектыве. “Наша праца фізічна няпростая – зімой прадзімае ледзянымі вятрамі, яшчэ больш складана летам, калі прыпякае да 30, а пад нагамі 160 градусамі апальвае асфальт… Мы заўсёды на віду, і вельмі прыемна, калі вадзіцелі, што праязджаюць міма, добразычліва вітаюцца і дзякуюць за работу, але даводзіцца выслухваць і парады “знатакоў”, якія лепш за нас ведаюць, як трэба рамантаваць дарогу, скардзяцца, што мы замінаем іх руху”, – шчыра расказваюць дарожныя рабочыя пра нюансы сваёй справы.

Што датычыцца ямкавага рамонту, то работа гэтая працягваецца круглы год. Не спыняецца яна і ў халодны сезон, бо трэба заробліваць шчыліны і выбоіны, якія пагражаюць бяспецы дарожнага руху. Пры гэтым, канечне, выкарыстоўваюцца асаблівыя “зімовыя” тэхналогіі. Калі ж тэмпература павышаецца, у справу ідуць іншыя спосабы – так, ямы на прыгаданай вышэй дарозе латалі шчэбенем са спецыяльнай эмульсіяй, і такі рамонт лічыцца даволі танным.

Хоць фінансавае становішча ў арганізацыі складанае, работы па ямкавым рамонце вядуцца адпаведна графіку. Ужо падноўлена пасля зімы палатно на дарогах ля Глыбачкі і Вяркуд, участках шашы ля Двор Пліна, займаюцца работнікі і высечкай кустоўя. Мяркуюць, што ў хуткім часе працягнуць устанаўліваць бардзюры і ўкладаць плітку ў канцы вуліцы Калінінскай. Разлічваюць і на аб’екты па-за межамі раёна – работы па добраўпарадкаванні Полацка, а таксама Глыбокага, якое сёлета будзе абнаўляцца да абласных “Дажынак”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *