Штогод у сярэдзіне чэрвеня мы прысвячаем першую старонку газеты нашай школьнай эліце – юнакам і дзяўчатам, якія прайшлі 11-гадовы вучэбны марафон з залатой адзнакай. І, канечне, усім цікава, як глыбокія і шырокія веды паспрыялі выпускнікам у далейшым жыцці. У 2015-м нумар “раёнкі” ўпрыгожваў здымак выпускніцы Плінскай школы, залатой медалісткі Марыны Хамёнак, разам з якой момант трыумфу дзялілі яе бацькі Тамара Фёдараўна і Дзмітрый Канстанцінавіч, класны кіраўнік Тамара Уладзіміраўна Бабянок. А праз шэсць год у архіве дзяўчыны з’явілася яшчэ адно знакавае фота – з выпускной урачыстасці Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта, дзе ёй уручылі “чырвоны” дыплом!
У пошуку сваёй дарогі
“Чаму менавіта медыцына?” – размову з маладым спецыялістам мы пачалі з трывіяльнага пытання. “Выбрала яе за год да паступлення, – расказвае наша зямлячка. – У школе падабаліся літаральна ўсе прадметы, а найбольш – гісторыя, геаграфія, астраномія. У біялогіі асабліва захапляла анатомія і працэс эвалюцыі чалавека. Прафесія ўрача падавалася мне вельмі высакароднай і патрэбнай, раней яе атрымала мая старэйшая сястра Таня – вось і вырашыла працягнуць дынастыю”. З удзячнасцю прыгадвае Марына ўсіх плінскіх педагогаў, што заклалі трывалую базу ведаў, а таксама ўшацкіх настаўніц Ларысу Аркадзьеўну Струй і Вольгу Анатольеўну Жыткую, якія дапамаглі падрыхтавацца да ЦТ па хіміі і біялогіі.
Спачатку меркавала стаць анколагам, на другім курсе захапілася гінекалогіяй, аднак калі сутыкнулася з практычнай часткай гэтага напрамку, зразумела, што надта моцна прапускае праз сябе пакуты жанчын-пацыентак. Пачала актыўна пісаць навуковыя работы на кафедры паталагічнай фізіялогіі, стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу, выступала з дакладам на міжнароднай канферэнцыі жанчын-вучоных Беларусі і Польшчы. Марыну запрашалі застацца на гэтай кафедры выкладчыкам, але яна хацела быць урачом-практыкам.
На чацвёртым курсе яе ўвагу прыцягнула афтальмалогія. Трэба сказаць, што гэта спецыялізацыя ва ўстанове лічылася самай прэстыжнай: на яе быў найвышэйшы прахадны бал, а з больш 500 студэнтаў курса набіралі ўсяго 20 чалавек, і Марына, якая яшчэ са школы прывыкла браць самую высокую планку, вырашыла трапіць у іх лік. Падштурхнуў яе да гэтага, канечне, не толькі максімалізм, а і ўсведамленне таго, што афтальмалогія – вельмі перспектыўная галіна, якая бурна развіваецца. А яшчэ працэнт “эмацыянальнага выгарання” медыкаў гэтай спецыяльнасці адзін з самых нізкіх.
Усё ведаць… магчыма
Мы ўжо прыгадвалі, што ў залікоўцы нашай зямлячкі стаялі толькі вышэйшыя балы. Як увогуле гэта магчыма ў такой спецыфічнай ВНУ, дзе трэба засвоіць каласальны аб’ём інфармацыі? “Мэту атрымаць “чырвоны” дыплом перад сабой не ставіла, проста вырашыла, што калі буду выдатна вучыцца – стану добрым урачом. Хоць медыку шмат чаго трэба ведаць на памяць, старалася не завучваць тэкст механічна, а разбірацца ў ім, таму на малодшых курсах пастаянна сядзела ў “анатамічцы”. Ніколі не вучыла білеты начамі перад сесіяй: дзяліла пытанні на колькасць дзён для падрыхтоўкі, а апошні пакідала для паўтарэння. У нашым ВНУ да адной пары даводзілася чытаць нават і па 80 старонак, таму я першы раз праглядала матэрыял і вызначала ў ім асноўнае, і потым перачытвала толькі вылучанае. Але ёсць і тое, што з вышыні цяперашняга розуму змяніла б: напрыклад, пакідала больш часу на свае захапленні і зносіны з сябрамі, а яшчэ не сядзела б у шкодных для пазваночніка позах”, – дае парады цяперашнім студэнтам наша зямлячка.
З месца – у кар’еру
Бонусам за выдатную вучобу стала магчымасць выбіраць месца пры размеркаванні. Сярод прапаноў была сталічная дзіцячая паліклініка і Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца – яна спыніла выбар на апошняй, бо тут была магчымасць працаваць у афтальмалагічным аддзяленні, асвойваць мікрахірургію вока.
Амаль з самага пачатку праходжання інтэрнатуры Марына пачала выконваць розныя маніпуляцыі і амбулаторныя аперацыі, а неўзабаве ёй даручылі самастойны прыём пацыентаў у паліклініцы. “Было надзвычай хвалююча! Вельмі перажывала за кожнага хворага, вечарамі штудзіравала дадатковую літаратуру, пасля прыёму спяшалася ў аддзяленне, каб прасачыць дынаміку сваіх пацыентаў. Хапала і неардынарных выпадкаў. Трапіў на прыём чалавек, які скардзіўся на “кроплю” перад вокам, і аказалася, што ўся яго сятчатка “боўтаецца” ўнутры, але паколькі яна мацавалася якраз у асноўнай зрокавай частцы, пацыент па-ранейшаму добра бачыў – яму вельмі пашчасціла, што прыйшоў да нас своечасова. Яшчэ адзін мужчына скардзіўся на дыскамфорт у воку. На першы погляд ніякіх іншародных целаў у ім не было, але я ўважліва разгледзела рагавіцу праз мікраскоп і ўбачыла на ёй… маленькую ракавінку. Па ўсім відаць, яна трапіла туды з часцінкамі глебы падчас работы на агародзе”, – захоплена апісвае свае будні малады медык.
Зрэшты, восенню афтальмалагічная практыка прыпынілася з-за моцнай каранавіруснай хвалі: усіх інтэрнаў накіравалі на дапамогу тэрапеўтам, давялося ў складзе брыгады выязджаць на дом да пацыентаў – так што Марына пабывала на “кавіднай перадавой” і вярнулася да сваёй любімай афтальмалогіі толькі калі вірус адступіў.
Люстэрка арганізма
“Наша аддзяленне шматпрофільнае, і за непрацяглы час работы я бачыла шэраг розных дыягназаў – ад банальнай катаракты да складаных генетычных захворванняў і цяжкіх траўмаў, – расказвае дзяўчына. – Калі ў маладога насельніцтва зараз папулярная лазерная карэкцыя зроку, то ва ўзроставых пацыентаў “лідзіруе” замена крышталіка. Афтальмалогія – тая сфера, дзе рызыка пры аперацыях не надта вялікая, бо большасць з іх робіцца пры мясцовай анестэзіі, таму сярод нашых пацыентаў шмат тых, каму за 90. Самыя ж уражваючыя моманты ў практыцы – першыя эмоцыі чалавека, які пасля зняцця павязкі стаў бачыць! Але афтальмалагічныя хваробы каварныя: часам яны амаль бессімптомныя і вельмі хутка развіваюцца ад дробных “мушак” да непрыемнага адкрыцця, што адно вока зусім не бачыць, тады як другое брала ўсю работу на сябе. Таму вельмі важна хаця б раз у год зазірнуць да акуліста, праверыць вочнае дно. Увогуле ж вочы – люстэрка ўнутранага стану арганізма: калі злоўжываць шкоднымі звычкамі, няправільна харчавацца, не сачыць за вагой, узроўнем глюкозы і халестэрыну, вочы могуць адрэагаваць на гэта змяненнем структуры сасудаў сятчаткі з усімі нядобрымі наступствамі”.
Натхняюць родныя мясціны
У наваполацкім аддзяленні Марына нярэдка сустракае ўшачан, некаторыя яе пазнаюць, і дзяўчына заўсёды распытвае пра мясцовыя навіны. У роднае Селішча яна спяшаецца прыехаць пры кожнай магчымасці. “Дома мая душа адпачывае, хочацца складаць вершы, фатаграфаваць родныя краявіды (на здымку)! Летам на веласіпедзе вандрую па навакольных вёсачках – вельмі шчыміць сэрца з-за таго, што яны выміраюць. Мне б хацелася ў будучым напісаць кнігу пра наша жыццё. А калі ў мяне пытаюцца, з якіх я мясцін, свой аповед абавязкова пачынаю з вершаў Рыгора Барадуліна, расказваю пра Васіля Быкава, іншых славутых землякоў, дзялюся гонарам за месца, дзе мне пашчасціла нарадзіцца. І канечне, я бязмерна ўдзячная тату і маме за тую любоў, што яны мне падарылі!” – дзеліцца шчырымі эмоцыямі дзяўчына.
Вялікі і плённы працоўны шлях для яе яшчэ толькі пачынаецца – але няма сумненняў, што ўрачом Марына будзе выдатным – бо і шмат ведаў для гэтага ёсць, і вельмі добрае, чулае сэрца.
Наталля БАГДАНОВІЧ.