Гэты ПАЗ у бліжэйшай перспектыве на вуліцах райцэнтра будзе з’яўляцца даволі часта. Вось толькі, нягледзячы на знешняе падабенства на школьны аўтобус, ніякіх адносінаў да перавозкі дзяцей ён не мае. На транспартным сродку будуць праходзіць практыку патэнцыяльныя ўладальнікі вадзіцельскай катэгорыі “D”.
Такую ўнікальную магчымасць прапанаваў нядаўна жыхарам раёна цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ушацкага райсельгасхарча. Па словах дырэктара Сяргея Васільевіча Кучаронка, ПАЗ-3205370, які знаходзіўся на балансе аддзела па адукацыі райвыканкама, быў спісаны. Так, пэўны час эксплуатацыі адбіўся на яго тэхнічным стане, аднак спецыялісты цэнтра далі аўтобусу другое жыццё: за год сваімі сіламі правялі рамонт, “мадэрнізавалі” пад патрэбы вучэбнага транспартнага сродку, атрымалі спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на права ажыццяўлення адпаведнай дзейнасці.
Доўга шукаць навучэнцаў не давялося – ужо сабрана група з адзінаццаці чалавек. Дарэчы, трапіць у іх лік яшчэ ёсць магчымасць! Тыя, хто мае катэгорыю “Е”, атрымае ў выніку “DЕ”, пры адсутнасці ж першай – “D”.
Як нам расказаў майстар вытворчага навучання кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі Сяргей Іосіфавіч Чэрвоны (на здымку), у “паслужным спісе” якога, зразумела, абсалютна ўсе вадзіцельскія катэгорыі, прапанова аказалася актуальнай найперш для тых, хто мае жаданне працаўладкавацца ў філіял Ушачы АТП №6 г.Наваполацка (дарэчы, вакансіі там маюцца) ці проста павысіць сваю класнасць, а значыць і заробак на пасадзе.
Для якаснага навучання ў цэнтры маюцца ўсе ўмовы. Пачнуцца практычныя заняткі традыцыйна на тутэйшым аўтадроме. Аднак і на вуліцах Ушач будучыя “аўтобуснікі” не разгубяцца: ва ўсіх ёсць вадзіцельскі стаж катэгорый “В” або “С” мінімум у два гады. Сярод патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да такіх навучэнцаў, таксама ўзрост (не менш за 21 год) і добрае здароўе – на коне ж не толькі ўласная бяспека, але і шматлікіх пасажыраў!
Дарэчы, здаваць іспыты – і тэорыю, і практыку – “аўтобуснікі” будуць гэтак жа, як і на іншыя катэгорыі, непасрэдна на Ушаччыне. Зацікавіць ушачан павінна і магчымасць растэрміноўкі плацяжу за навучанне.
“Пакуль у нас выключна мужчыны, – канстатуе С.І.Чэрвоны. – Чакаем і прадстаўніц прыгожай паловы! Сярод тых, напрыклад, хто мяркуе ў перспектыве вадзіць фуру, іх ажно тры”. Значна больш – у чарговай групе на катэгорыю “В”, якая сфарміравана і хутка пачне навучанне.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.