Семинар по подготовке к весенней посевной кампании прошел в Ушачском районе

Сельское хозяйство

У аўторак на базе “Маяка-Ушацкага” прайшоў семінар, прысвечаны падрыхтоўцы да веснавой пасяўной кампаніі. Сёлета яна будзе асаблівай не столькі з-за умоў надвор’я, колькі з-за важнасці моманту. Перад аграрыямі краіны Прэзідэнтам А.Лукашэнкам пастаўлена задача сабраць 9 мільёнаў тон збожжа, 5 – цукровых буракоў, 700 тысяч тон рапсу і забяспечыць перапрацоўшчыкаў якаснай сыравінай. Як падрыхтаваны да самай важнай кампаніі гаспадаркі нашага раёна, мы папрасілі расказаць намесніка старшыні райсельгасхарча С.А.БЕЛАГРЫЎЦАВА.

– Сяргей Аляксандравіч, харчовая бяспека краіны залежыць у тым ліку і ад ушацкіх аграрыяў, ці пастаўлены перад імі сёлета павышаныя абавязацельствы?

– Гэта прадугледжана праграмай развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці на 2020-2025 гады. Калі летась неабходна было атрымаць 23648 тон збожжа, то сёлета ўжо 24121, а на пяцігодку амбарная вага павінна прырасці на 110 працэнтаў. Калі казаць пра дадатковае ад запланаванага павелічэння пасяўных плошчаў, то такія задачы агучваліся, хаця канкрэтныя заданні яшчэ не даводзіліся.

– Планавыя лічбы абсалютна рэальныя для раёна, паколькі атрымлівалі на Ушаччыне і па 30 тысяч тон збожжа.

– Прычым, тройчы за апошні час, ну а рэкордным быў 2015 год, калі мы сабралі 33 тысячы. Таму заданне сапраўды рэальнае, хоць і нельга сказаць што простае. Раслінаводства – не канвеер, які абкаталі і можна гнаць прадукцыю. Кожны сезон асаблівы, і мы залежым ад вельмі многіх складнікаў. І калі насенным матэрыялам, можна сказаць, забяспечаны поўнасцю, атрымалі на гэтым тыдні і паліва, то ўгнаення і спраўнай тэхнікі пакуль недастаткова.

– Спыніцеся, калі ласка, падрабязней на апошнім аспекце.

– Стаўка робіцца на энерганасычаныя трактары, з 29 спраўна 20, астатнія яшчэ ў рамонце, у тым ліку 4 – у спецыялізаваных арганізацыях. Лепш абстаяць справы з глебаапрацоўчай тэхнікай, поўнасцю гатовы культыватары, на 90 працэнтаў – сеялкі, 80 – камбінаваныя агрэгаты. Не буду абцяжарваць лічбамі. Семінар мы праводзілі пад мокрым снегам – не падбіралі лепшага надвор’я, паколькі днём пазней на мехдварах ужо не было б тэхнікі. Так, рамонт яшчэ працягваецца, але работы ў полі распачалі ўсе.

– Вы казалі, што насеннем гаспадаркі амаль забяспечаны, значыць нечага не хапае?

– У нас поўнасцю падрыхтаваны ўласны матэрыял зерневых. Закупляць давядзецца кукурузу, гэта штогадовая практыка, паколькі з-за кліматычных асаблівасцяў яна не выспявае на насенне, а таксама грэчку – летась суквецці апошняй у прамым сэнсе слова згарэлі на сонцы. Зразумела, што ідзе абнаўленне насення, “Вялікадолецкае”, “Глыбачаны” і “Маяк-Ушацкі” ўжо завозяць эліту.

– Па-ранейшаму дзейнічае патрабаванне сеяць не ніжэй трэцяй рэпрадукцыі?

– Гэта хутчэй аксіёма, чым патрабаванне, у адваротным выпадку атрымліваецца сабе даражэй. Нават эліта можа ўтрымліваць 6 зярнят на 1 літр высакародных прымесяў, а пра якую чысціню сорту можна казаць у чацвёртай рэпрадукцыі.

– Летась Вы на прыкладзе мінулых гадоў рабілі раскладку “ўдзячных” культур і на першым месцы аказалася азімая пшаніца. Ці не страціў рэпутацыі гэты харчовы і асабліва актуальны сёлета від?

– Не толькі не страціла, але на прыкладзе некалькіх гадоў замацавала яе. Па-першае, пры адпаведным доглядзе яна дае добрую ўраджайнасць – атрымлівалі 45 цэнтнераў з гектара. Але нават калі будзе і меншы вал, чым у былога фаварыта паўночных рэгіёнаў – жыта, то ўсё роўна большай эканамічная выгада, паколькі яна намнога даражэй. Таму калі летась сеялі 271 гектар азімай пшаніцы, то сёлета 3474 (!). Для параўнання – яравых зерневых і зернебабобых усяго 4777.

– Лепш радзіў у нас таксама азімы, а не яравы рапс. Як наогул перазімавалі культуры?

– Зерневыя няблага, зараз вядзецца іх падкормка, а вось крыжакветныя дрэнна – сакавіцкімі маразамі, калі стаяла голая зямля, поўнасцю адмерзла наземная частка як у рапса, так і ў свірэпіцы, якія ў нас займаюць плошчы ў 766 і 866 гектараў адпаведна. Калі сярэднясутачная тэмпература стане 5 градусаў, праверым іх жыццяздольнасць. Невыпадкова гаворыцца, што Віцебшчына зона рызыкоўнага земляробства, год на год не падобны, аднак тры апошнія, калі стаяла вельмі спякотнае лета, ад яравога рапсу мы мелі толькі страты, таму і не сеем. Азімых жа зерневых культур пасеяна на 1300 тысяч гектараў больш, чым у 2020 годзе.

– Ці будуць яшчэ якія карэкціроўкі ў пасевах і нейкія новыя культуры?

– Плануецца 100 гектараў адвесці пад грэчку, 550 – кукурузу на зерне. Была задума пасеяць проса, якому, як апошняй, патрэбна многа сонца, але паколькі няма ні лішніх сродкаў, ні вопыту, перанясём да лепшых часоў. З яравых будзе 900 гектараў пшаніцы, 1537 – ячменю, 790 – аўсу і 800 – зернебабовых.

– Добры ўраджай немагчымы без угнаенняў, якіх нам заўсёды не хапае. Ці прадбачыцца іх пад патрэбу сёлета?

– Пакуль што ў нас назапашана 24 працэнты, горш за ўсё як заўсёды з фосфарнымі, 21 працэнт азотных і 34 – калійных. Гэта не канчатковыя лічбы. Аднак, улічваючы вопыт мінулых гадоў, мы асаблівую ўвагу ўдзяляем падбору ўчасткаў па папярэдніках, дзякуючы чаму мяркуем атрымаць дадатковых 3,4 цэнтнера з гектара, за кошт натуральнай урадлівасці глебы –15,1 і ўгнаенняў – 14,6.

– У нас не вельмі вялікі севазварот, як падабраць удалых папярэднікаў?

– Добрымі лічацца бабова-злакавыя, а насення траў у нас хапае. Таму не толькі пускаем зерневыя па культурных пашах, але і падсяваем канюшыну. Трэба зазначыць, што за кошт скарачэння дробнаконтурнасці вырасла і бальнасць зямлі – у сярэднім па раёне яна ўжо складае 25, калі раней была 21.

– Якія гаспадаркі лепш падрыхтаваны да пасяўной?

– Можна назваць “Маяк-Ушацкі”, на базе якога і праходзіў семінар. Гатоўнасць трактароў у іх 92 працэнты – на ўзроўні “Агра-Селішча”, “Ільюшынскага”, акрамя гэтага яны закупілі новую тэхніку, у прыватнасці, 15-метровую барану, якая здольная разраўняць ворыва на глыбіні 8 сантыметраў. Удзельнікі семінара з цікаўнасцю знаёміліся з навінкамі.

– Улічваючы важнасць сёлетняй пасяўной ці могуць гаспадаркі разлічваць на дадатковую падтрымку з боку дзяржавы?

– Яна аказваецца заўсёды. Сёлета 4 адзінкі энерганасычаных трактароў рамантуюцца за сродкі рэспубліканскага бюджэту, райвыканкам выдзеліў 60 тысяч на падрыхтоўку яшчэ двух. Атрымалі паліва. На вобласць паступіла больш леташняга калійных угнаенняў, якія размяркуюць па раёнах. Падпісана распараджэнне райвыканкама аб замацаванні за гаспадаркамі шэфаў, ад якіх штогод маем адчувальную падтрымку. Пасяўная толькі распачынаецца, спадзяюся, што будзе і іншая падтрымка.

– Дзякуй Вам за гутарку.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *