COVID-19: новый штамм, когда делать прививку и сколько тратит государство на иммунизацию населения

Здравоохранение

Наўрад ці супадзенне…

Пра COVID-19 і вакцынацыю ад яго сказана нямала. Не будзем нікога пераконваць у карысці апошняй (кожны сам павінен вырашыць, патрэбна яму такая засцярога ці не), прывядзём толькі адзін прыклад, прычым, правераны на сабе.

Калі на Ушаччыне пачыналася кампанія па імунізацыі насельніцтва ад каранавіруса, за прышчэпкай з васьмі супрацоўнікаў рэдакцыі паспяшаліся толькі чацвёра. У бліжэйшую ж хвалю толькі яны засталіся ў страі – астатнія з пацверджаным COVID-19 па чарзе пайшлі на бальнічны. Пасля выздараўлення, спадзеючыся на наяўнасць годнага імунітэту (многія памылкова лічаць, што пасля перанесенага захворвання можна паўгода не турбавацца аб паўторным заражэнні), усе чацвёра зноў адклалі паход да медыкаў. Як вынік – праз пяць месяцаў двое зноў “злеглі”. Тая ж палова калектыву, якая вакцынавалася і ўжо нават рэвакцынавалася, стойка пратрымалася ўвесь гэты час.

Праз 2-4 тыдні

пасля перанесенага COVID-19 ужо можна ісці за прышчэпкай. Не праз паўгода – падкрэсліваюць у Міністэрстве аховы ­здароўя Рэспублікі Беларусь: за такі працяглы перыяд ніякай абароны ў арганізме не застаецца (дарэчы, бывае, што яна ўвогуле не выпрацоўваецца). Першы выпадак – у паўмесяца – больш падыходзіць для тых, хто перанёс каранавірус лёгка, з сімптомамі, падобнымі на ВРВІ; другі – месячны – для пацыентаў, у якіх меліся ўскладненні. Дарэчы, усім, хто перахварэў, праходзіць курс з дзвюх прышчэпак неабавязкова – як пры рэвакцынацыі, дастаткова адной дозы “Спутніка-Лайт”.

Праблемы ўсплываюць пасля

Паўторнае “знаёмства” з COVID-19 – пацвярджэнне таму, што імунная сістэма арганізма аслаблена. Да таго ж гэта сур’ёзная рызыка развіцця пасткавіднага сіндрому. Як нам расказала намеснік галоўнага ўрача Ушацкай райбальніцы Н.В.Дрозд, апошні можа мець самыя розныя праявы: слабасць, бяссонніцу, галаўныя, неўралагічныя і сустаўныя болі, рэзкія скачкі артэрыяльнага ціску, выпадзенне валасоў, растройствы страўнікава-кішэчнага тракту, з’яўленне псіхічных расстройстваў. І такіх пацыентаў з кожным днём становіцца больш.

Новы штам

Не паспелі мы развітацца з “амікронам”, як у Беларусь прыйшла яго новая разнавіднасць – ­“стэлс-амікрон”. Ён вельмі заразны – каб захварэць, неабавязкова нават кантактаваць з інфіцыраваным, дастаткова проста прайсці побач. Гэты штам можа выклікаць больш паўторных заражэнняў. Так, вакцынацыя не засцеражэ ад іх са 100-працэнтнай гарантыяй, аднак мінімізуе негатыўнае ўздзеянне віруса на арганізм. Ва ўсе хвалі з нагоды цяжкага цячэння COVID-19 у рэанімацыйнае аддзяленне Ушацкай райбальніцы траплялі выключна непраімунізаваныя пацыенты.

Дарагая прапанова – на бясплатных умовах

Вы калі-небудзь задумваліся, колькі траціць дзяржава на імунізацыю насельніцтва? На сённяшні дзень кошт адной дозы расійскага “Спутніка V” складае каля 35 беларускіх рублёў. Дадайце сюды траты на дастаўку прэпарата, яго захоўванне ў спецыяльных халадзільных камерах, кошт неабходных для працэдуры медінструментаў і матэрыялаў, аплату работы медыкаў… Сума “набяжыць” унушальная. Мы ж маем магчымасць правакцынавацца абсалютна бясплатна!

Зрабіць гэта па-ранейшаму можна ў паліклініцы, бальніцах сястрынскага догляду. Па папярэдняй заяўцы медработнікі прыедуць у працоўныя калектывы ці нават на дом да грамадзян. Усе неабходныя для імунізацыі прэпараты ва Ушацкай райбальніцы ёсць.

Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *