“Экспазіцыю “Кублічы – яўрэйскае мястэчка” таксама трэба ўключыць у турыстычны маршрут па патрыятычным выхаванні. Музей народнай славы, мемарыяльны комплекс “Прарыў”, музей-сядзіба Васіля Быкава, Рыгор Барадулін. На Ушаччыне ёсць што паказаць”, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў і абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” У.У.Цярэнцьеў падчас рабочай паездкі ва Ушацкі раён.
Уладзімір Уладзіміравіч спецыяльна наведаў аграгарадок, у якім два гады таму была адкрыта экспазіцыя, прысвечаная генацыду насельніцтва Беларусі, падкрэсліў, што трэба абавязкова актываваць збор матэрыялу па гэтай тэматыцы, тым больш што ва Ушацкім раёне карнікамі спалена 153 вёскі. Ён падказаў супрацоўнікам музея, дзе можна адшукаць дадатковую інфармацыю.
У.У.Цярэнцьеў зазірнуў таксама ў бібліятэку, сельскі клуб, падзякаваў старшыні Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў М.В.Ярмош за тое, што па-гаспадарску выкарыстоўваецца памяшканне былой установы адукацыі. Марыя Васільеўна дадала, што адначасова з адкрыццём экспазіцыі ў аграгарадку ўстаноўлены памятны знак “Кублічы – яўрэйскае мястэчка”, а падчас суботнікаў расчышчаны яўрэйскія могілкі.
Вольга КАРАЛЕНКА.