Ушачские аграрии приступили к полевым работам

Сельское хозяйство

Хоць упарта “агрызаецца” зіма начнымі прымаразкамі, але адкладаць старт палявых работ ужо зусім няма куды – і ў гэтыя дні іх распачалі ўсе ўшацкія сельгаспрадпрыемствы.

Традыцыйна першымі выходзяць на палеткі самаходныя апырсквальнікі “Раса” і “Дзвіна”, прызначаныя для падкормкі азімых пасеваў. На жаль, такой сучаснай тэхнікай могуць пахваліцца не ўсе нашы гаспадаркі. Няма яе ў арсенале дземянецкіх аграрыяў, таму бочку з КАСам механізатар Аляксандр Спірыдовіч (на здымку) прычапляе да звычайнага МТЗ. “Ну, а што зробіш? Раней жа ўвогуле тэхнікі на пнеўмашынах не было. Я ўжо колькі год на гэтым працэсе – прыстасаваўся і, канечне, стараюся так накіроўваць трактар, каб максімальна зберагчы ўсходы”, – тлумачыць вопытны аграрый. І хоць ноччу стаіць “мінус”, сярэднясутачная тэмпература ў 3-5 градусаў дазваляе весці падкормку. Калі ж Аляксандр Віктаравіч даведаўся, што менавіта яму сёлета давядзецца распачаць хлебаробчую газетную рубрыку, прыветлівая ўсмешка, з якой ён нас сустрэў, стала яшчэ больш прамяністай: “Напэўна, гэта прагучыць банальна, але я вельмі рады зноў выйсці ў поле – сумаваў па родных нівах. А тут яшчэ і прэса вырашыла натхніць нас на ўдарную працу!”

Гэтай вясной гаспадаркам раёна трэба падкарміць азімыя зерневыя на агульнай плошчы ў 6223 гектары, а таксама 1632 га крыжакветных. Самы вялікі збожжавы клін (1500) – у “Маяка-Ушацкага”, і тут ужо актыўна прыняліся за справу: на раніцу аўторка сумесь была ўнесена на 220 га, што складае 15 працэнтаў да плана. Аграрыі “Дземенца” мелі паказчык 13 працэнтаў. 1335 і 1076 гектараў зерневых адпаведна трэба падкарміць у “Ільюшынскім” і “Вялікадолецкім”, і тэмпы работ тут неабходна паскорыць.

За першыя паўтара дня работы механізатар падкарміў каля 75 гектараў азімага жыта ў наваколлі Лутава і сабраўся пераязджаць на ўчастак ля Заполля. Усяго ж, як нам паведаміў брыгадзір Аляксандр Яловік, унесці карбамідна-аміячную сумесь трэба на 567 гектарах, засеяных жытам, пшаніцай і трыцікале. Што датычыцца крыжакветных, то рапс займае 40, а свірэпіца – 160: як бачна, стаўку восенню зрабілі менавіта на апошнюю непатрабавальную ў доглядзе культуру, якая ў няпростых умовах леташняга надвор’я паказала сябе з лепшага боку. Праўда, дземянецкія аграрыі ў 2021-м бонусаў ад свірэпіцы не атрымалі, бо проста яе не пасеялі, прапусціўшы восенню тэхналагічны тэрмін. Сёлета гэты ўрок улічылі і спадзяюцца, што самая ранняя культура іх парадуе.

Кіпела работа і на палетках ля Папоўкі – гаспадарка першай у раёне вывела ў поле трактар з плугамі. “Рацыянальная арганізацыя работы па ўздыме зябліва і паўсюдная эканомія ў зімовы стойлавы перыяд дазволіла нам назапасіць крыху паліва – вось і вырашылі дзеля пачыну заараць 17-гектарны ўчастак пад авёс”, – выдаў невялікі вытворчы сакрэт дырэктар сельгаспрадпрыемства Васіль Хамёнак. Ну а права ўзняць першыя сёлетнія барозны выпала ветэрану гаспадаркі Мікалаю Яловіку (на здымку), які таксама не хаваў задавальнення ад магчымасці зноў выйсці ў поле. Васьмікорпусны плуг, зачэплены за МТЗ-3522, лёгка пераварочваў вільготныя скібы. Перадавы механізатар не адзін год працаваў на энерганасычанай тэхніцы, але апошнім часам перасеў на больш просты ў кіраванні і абслугоўванні МТЗ-1221. Зараз жа часова заняў кабіну магутнага трактара, пакуль яшчэ не прыбыў на пасяўную лясгасавец Іван Долгі, які звычайна дапамагае гаспадарцы. “Гэта тэхніка, канечне, удвая больш прадукцыйная, але і для майго трактарка з 4-корпусным плугам справа знойдзецца – папрацую на ўзворванні, а потым пераключуся на дыскаванне”, – падзяліўся планамі на вясну Мікалай Уладзіміравіч і паспяшаўся ў кабіну. Прынамсі, усмешку падарыць ён нам таксама не забыўся, а ў каго з двух дземянецкіх механізатараў яна больш прамяністая – мы так і не вырашылі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *