Дети Ушачской и Ореховской школ закрепили материал по истории на экскурсии по знаковым местам

Образование и молодежь

Не так даўно ў цэнтры дзяцей і моладзі праходзіла віктарына, і мае выхаванцы не адказалі на некаторыя пытанні ваеннай тэматыкі, у прыватнасці пра ганаровага грамадзяніна Ушаччыны Аніса Клопава. Як данесці да дзяцей, што нарадзіліся 70 год пасля Вялікай Айчыннай, трагедыю беларускага народа таго перыяду? Як настаўнік гісторыі пераканана, што рабіць гэта трэба праз сэрца.

І таму школьны матэрыял мы замацоўваем падарожжамі па знакавых мясцінах. Так, 26 сакавіка навучэнцы 5 “А” сумесна з вучнямі з Арэхаўскай школы здзейснілі падарожжа ў горад Мінск. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яны з гонарам вывучалі тэматычны стэнд, прысвечаны дзейнасці Полацка-Лепельскай (Ушацкай) партызанскай зоны. А ў зале Перамогі знайшлі імя Аніса Андрэевіча Клопава, поўнага кавалера ордэна Славы, чыё імя носіць піянерская арганізацыя нашай школы. На гэты раз яны ўжо ведалі пра гераічнага земляка амаль усё дзякуючы даследаванню, зробленаму раней вучнем нашай школы і праўнукам героя Віктарам Шчэкачыхіным, якое мы паказалі на класнай гадзіне.

“Чаму нахілены дах, навошта тут ляжаць цацкі?” – запыталася на мемарыяльным комплексе “Хатынь” Ангеліна Карпава. І калі я адказала, што тут спалены і дзеці, самаму малому з якіх быў толькі тыдзень, Улад Маковіч паклаў да помніка свайго аленяня. Хлопец спецыяльна набываў у Макдональдсе ежу з сюрпрызам, канечне, хацеў пакінуць цацку на памяць, але не змог. “Я не засну, калі не зраблю гэтага”, – сказаў хлопчык. Я расказала вучням пра карныя аперацыі, якія прайшлі на тэрыторыі нашага раёна, і мяркую, што лічба 153 – колькасць спаленых на Ушаччыне вёсак, цяпер абавязкова застанецца ў іх памяці.

С.ГАЛАЙ,
настаўніца Ушацкай СШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *