Вопрос расписания автобусов стал основным на встрече жителей Косарей с руководством района

Общество

Сустрэча кіраўніцтва раёна з жыхарамі Касароў, што ладзілася на мінулым тыдні, атрымалася ажыўленай. Яно і не дзіўна: асноўным пытаннем, якое знаходзілася на абмеркаванні, стала “рэфармаванне” раскладу руху аўтобусаў. Таму каб размова была максімальна канструктыўнай, акрамя намесніка старшыні райвыканкама Алены Васільеўны Пашковіч, старшыні Вялікадолецкага сельвыканкама Алега Леанідавіча Сыса да вяскоўцаў завітаў начальнік філіяла Ушачы АТП №6 г.Наваполацка Раман Фёдаравіч Рудзёнак.

Падчас сустрэчы.

Праблемны для вяскоўцаў момант агучыў старэйшына населенага пункта Віктар Сцяпанавіч Ільюшэвіч. Едучы на грамадскім транспарце ў райцэнтр раніцай, многім даводзіцца падоўгу чакаць зваротнага шляху – аж да 15.30. Вось і звярнуліся з просьбай перанесці па чацвяргах (найбольш зручны для вяскоўцаў-пенсіянераў дзень, каб і рынак наведаць, і ў аптэку завітаць) час адпраўлення аўтобуса “Ушачы – Касары” на 13.10.

Вось толькі проста перапісаць расклад руху, падкрэсліла А.В.Пашковіч, не атрымаецца, паколькі ў такім выпадку будуць ушчэмлены інтарэсы значна большай колькасці пасажыраў. На гэтым аўтобусе пасля заканчэння ўрокаў ва Ушацкай школе ў Наваселле ездзяць чацвёра дзяцей, у іх і праязныя білеты набыты. Такім жа чынам дабіраюцца ў Вялікія Дольцы на пастаяннай аснове і чацвёра дарослых грамадзян. Нязручным такі перанос можа стаць і для тых вяскоўцаў, якія мяркуюць у прыгаданы дзень наведаць паліклініку, дачакацца вынікаў аналізаў.

Дарэчы, карыстаецца гэтым і без таго стратным маршрутам не так многа касаран. Па словах Р.Ф.Рудзёнка, за апошні месяц максімальная іх колькасць склала 4 пры агульнай запоўненасці аўтобуса ў 14 пасажыраў. Прычым, ехалі яны толькі ў адзін бок.

З улікам усіх акалічнасцяў удзельнікі сустрэчы знайшлі аптымальнае рашэнне. Так, з 1 красавіка аўтобус “Ушачы – Касары” будзе адпраўляцца з райцэнтра ў 13.10 адзін раз у месяц – кожны апошні чацвер (з Касароў адпаведна ў 14.10). У астатнія дні расклад застанецца без змен. З кіраўніцтвам АТП №6 г.Наваполацка гэтае пытанне ўзгоднена. Крыху падкарэкціраваны і час руху полацкага аўтобуса – каб пасажары з яго паспявалі на касарскі. Аддзелу па адукацыі райвыканкама і Ушацкай школе, у прыватнасці, даручана перагледзець расклад урокаў у класах, дзе вучацца дзеці з Наваселля, – каб тыя маглі без праблем дабрацца дамоў і ў апошні чацвер месяца.

Абмеркавалі прысутныя і тэму медыцыны. У прыватнасці, вяскоўцы яшчэ раз падзякавалі за станоўчае вырашэнне пытання з пошукам будынка для мясцовага ФАПа – у хуткім часе тут пачнуцца рамонтныя работы, сродкі на дах ужо ёсць. Пацікавіліся ў Алены Васільеўны, якая курыруе сацыяльную сферу, эпідэміялагічнай абстаноўкай у раёне. Дарэчы, парадавацца таксама было чаму: хваля каранавіруса спала. Аднак расслабляцца, забываючыся аб захаванні прафілактычных мер, у тым ліку вакцынацыю, не варта: “амікрон” яшчэ з намі, выяўлены ўжо і новы штам COVID-19. Хвалюе многіх і тое, што маладыя спецыялісты (гаворка – пра медыкаў) пасля вызначанай адпрацоўкі нярэдка з’язджаюць з раёна. “Справа не ў заработнай плаце (яна ў адзначанай катэгорыі дастойная, нават больш, чым у многіх гарадах) ці адсутнасці жылля (усім спецыялістам галіны квадратныя метры, у тым ліку ў новых шматкватэрных дамах, прадастаўляюцца), – падкрэсліла А.В.Пашковіч. – Проста, напэўна, моладзь не паспявае ацаніць усе выгоды жыцця і работы ў спакойным і прыгожым краі, як наш. Але спадзяюся, што сітуацыя хутка зменіцца. Важныя крокі ў гэтым накірунку робіць галоўны ўрач райбальніцы Анжаліка Анатольеўна Міранкова – яна персанальна ўдзельнічае ў размеркаванні выпускнікоў медыцынскіх ВНУ, актыўна рэкламуючы лепшым наш раён”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *