Рецепт молодости Галины Игнатович

Наш современник Общество

Галіна ніколі “не сядзела” ні на якіх дыетах, не наладжвала разгрузачных дзён, аднак за тры гады скінула 45 кілаграмаў!!!. Складана ўявіць, што яны былі, таму што пастаянную ўдзельніцу розных спаборніцтваў язык не паварочваўся назваць поўнай. Яна лёгка рухалася па спартыўнай пляцоўцы, пры гэтым не ўяўляе гульні ў любімы валейбол без моцных сілавых удараў з падскокам. І толькі ёй вядома, чаго гэта ёй каштавала. Павышаны ціск, пастаянны боль у суставах рук і ног, зняць які дапамагалі толькі ўколы…
Менавіта стан здароўя прымусіў скідваць лішнія кілаграмы. І першае, што яна зрабіла – набыла падлогавыя вагі. Штодзённы кантроль кілаграмаў і нават грамаў лічыць першым абавязковым крокам да пахудзення. Калі іх няма, не заўважаеш, як прырастае на баках тлушчык. А так, набраў учора пасля дня нараджэння лішнія 400 грамаў, значыць трэба “адпрацоўваць” – абмежаваць салодзенькае і павялічыць нагрузкі.
Што датычыцца абмежавання ў ежы, то яго няма зусім. Праўда зараз. У самым пачатку “праекта” яна кантралявала калорыі: не ўжывала мучнога, салодкага, абмяжоўвала сытныя стравы, хоць і не галадала. І галоўнае – ніколі не ела пасля 18 гадзін. Гэтае правіла захоўвае і цяпер, нягледзячы на тое, што можа наведаць з сябрамі рэстаран, быць у гасцях ці прымаць іх. А паколькі вельмі камунікабельная, то гэта здараецца часта. І яшчэ адно абавязковае правіла выконвае пастаянна – вядзе актыўны лад жыцця. Яе арганізм пяць, а то і сем дзён на тыдні мае добрую фізічную нагрузку. І з гэтым спраўляецца вельмі лёгка, гэта яе адвечнае крэда. Яшчэ ў школе яна сур’ёзна займалася лёгкай атлетыкай, з той пары ўлюбёна і ў валейбол. Наколькі, можа ахарактарызаваць той факт, што ў сем месяцаў цяжарнасці пакінуць валейбольную пляцоўку яе прымусілі толькі байкотам. Так, мужчыны, а Г.Ігнатовіч любіць гуляць у сапраўдны валейбол і часта на адной пляцоўцы з моцнай паловай, адмовіліся працягваць гульню, пакуль Галіна не пакінула пляцоўку. А да гэтага тэрміну яна, як заўсёды, скакала, “рэзала”, і, упэўнена – менавіта таму такі спартыўны нарадзіўся сын. У паўтара года ён рабіў стойку на галаве, а зараз дзякуючы спорту, дакладней, армрэстлінгу, майстрам спорту якога з’яўляецца, вучыцца на фізкультурным факультэце ПДУ. Яна цудоўная маці, а яе дзеці Таццяна і Уладзімір – лепшыя сябры, у якіх няма сакрэтаў.
Канечне, рэцэпт Галіны Ігнатовіч падыдзе толькі моцным людзям. Моцным духам, якой з’яўляецца гэтая аптымістычная жанчына. Яна ўмее сябраваць і прыходзіць на дапамогу ўсім, каму гэта патрэбна. Прывыклая разлічваць толькі на сябе, яна вельмі многае ўмее, а галоўнае, умее кантактаваць з людзьмі, аб’ядноўваць вакол сябе. Хоць і не з’яўляецца афіцыйным капітанам каманды “Ушачанка” па жаночым валейболе, аднак менавіта яна збірае, згуртоўвае каманду, заказала ёй адзіную форму і заўсёды вельмі імкнецца перамагчы. Больш неабыякавага чалавека да зыходу гульні ў камандзе няма.   
Яна ўмее рабіць прычоскі і манікюр, можа тысячы кіламетраў без падмены быць за рулём аўтамабіля, выдатна гатуе. А як заводзіць публіку, калі ў руцэ трымае мікрафон! Гэта, дарэчы, яшчэ адно любімае хобі. Умее спяваць, жартаваць і весяліць публіку. А наогул, даўно знаёма з Галінай, я не ведаю, чаго яна не ўмее…
А 8 сакавіка яна адзначае дзень нараджэння. І ў гэты двойчы святочны дзень яна адчувае сябе як ніколі лёгкай, прыгожай і маладой. Проста лятае. Не жарты – скінуць такі цяжар і, галоўнае, справіцца з пастаўленай перад сабой вельмі няпростай задачай.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *