Падлічыць малодзенькіх курэй у скрынях, якія прывезлі ў мінулы аўторак з райцэнтра бацькі, для маленькай Машы – тая яшчэ матэматыка. Але маці падказвае: унутры 10 галоў, за імі патрэбны вока ды вока. Нясушкі (у дадатак да немалога агароду) – цяпер частка гаспадаркі мнагадзетнай сям’і Клотчанкаў з аграгарадка Глыбачка. А для дзяцей – яшчэ і дамашнія гадаванцы. Дарэчы, цалкам бясплатныя.
Дзякуючы тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна, які шукае інвестараў для рэалізацыі годных спраў, другі год запар з цікавым праектам на Ушаччыну завітала дабрачынная арганізацыя “Карытас”. На гэты раз – з прыемным падарункам для 42 сямей. Прычым, не толькі мнагадзетных, як было летась, але і для тых, у якіх адзін з прадстаўнікоў мае праблемы са здароўем і наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Важная ўмова – пражыванне ў сельскай мясцовасці, вядзенне падсобнай гаспадаркі. А яшчэ – жаданне не сядзець склаўшы рукі.
У тым, што такая падтрымка з боку “Карытас” – надзвычай запатрабаваная, упэўніла і вялікая чарга да машыны з курамі (вызначаныя катэгорыі грамадзян, якіх спецыялісты сацустановы запрасілі да ветстанцыі, сабіраліся загадзя цэлымі сем’ямі), і шквал тэлефанаванняў ад тых, хто па нейкіх прычынах такога запрашэння не атрымаў. У ТЦСАН, патлумачылі, што атрымаць нясушак маглі толькі тыя сем’і, якія не скарысталіся такой магчымасцю летась. Да таго ж, не ўсе загадзя праінфармавалі пра змены ў сваёй рэгістрацыі (хаця б адзін з бацькоў павінен быць прапісаны ў прыватным доме, дзе ёсць магчымасць вядзення падсобнай гаспадаркі). Каб не дапусціць падобных казусаў у будучым, у сацслужбе раяць своечасова паведамляць пра такія “рэформы” ў асабістых даных – зрабіць гэта можна ў кабінеце №11 будынка райвыканкама.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.