На мінулым тыдні ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” юны жыхар вёскі Загор’е Уладзіслаў Белякоў атрымаў галоўны дакумент грамадзяніна нашай краіны. Яго ва Ушацкім райаддзеле міліцыі 14-гадоваму юнаку ўручылі начальнік РАУС В.С.Карэнскі і старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Т.В.Бандарэнка (на здымку). Дарэчы, гаворка ідзе не пра звычайны пашпарт, а сучасную ID-карту. Што яна сабой уяўляе, расказвае Таццяна Валер’еўна:
– Ужо паўгода, як беларусы і іншаземцы, што пастаянна пражываюць у нашай краіне, атрымліваюць біяметрычныя дакументы, якія пацвярджаюць асобу (ідэнтыфікацыйная карта), а таксама выкарыстоўваюцца для выезду з Рэспублікі Беларусь ці ўезду ў яе (біяметрычны пашпарт). Атрымаць апошні можна толькі пры наяўнасці першай або пры адначасовай падачы дакументаў на афармленне двух. Дарэчы, для зручнасці грамадзян можна мець адразу два біяметрычныя пашпарты. Напрыклад, адзін падаць у пасольства для атрымання візы, а па другім выязджаць за мяжу па ўжо дзеючай. У сваю чаргу, калі ў вас на момант афармлення біяметрычнага пашпарта маюцца дзеючыя візы, то стары пашпарт пасля ажыццяўлення пэўных працэдур вам пакінуць да іх заканчэння.
Для вырабу біяметрычных дакументаў выкарыстоўваюцца самыя перадавыя тэхналогіі: інфармацыя аб уладальніку змяшчаецца на мікрасхеме. І ў гэтым важнейшы плюс – павышаная абарона ад падробкі, выкарыстання трэцімі асобамі ў карыслівых мэтах. Акрамя таго, ідэнтыфікаваць уладальніка можна не толькі па фотаздымку (знешнасць нярэдка мяняецца), але і па адбітках двух яго пальцаў. Яшчэ адна ступень абароненасці – унікальныя Рin-коды, якія выдаюцца разам з ID-картай: 6-значныя для пацвярджэння правамернасці запытаў і 7-значныя для электронна-лічбавага подпісу. Замену гэтых Рin-кодаў і разблакіроўку можна ажыццяўляць у асабістым кабінеце карыстальніка.
Запатрабаванай перавагай біяметрычных дакументаў павінен стаць аддалены доступ да дзяржпаслуг. Так, напрыклад, для прадпрымальнікаў спрашчаецца работа з падатковымі арганізацыямі – наведваць іх будзе неабавязкова.
Варта адзначыць, што і сама працэдура атрымання біяметрычных дакументаў стала больш простай і зручнай, а тэрмін іх вырабу скараціўся. Зараз пасля аплаты дзяржпошліны не трэба фатаграфавацца і запаўняць заяву на замену пашпарта – дастаткова з існуючым дакументам, які пацвярджае асобу, звярнуцца па месцы жыхарства ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Усе неабходныя працэдуры будуць зроблены на месцы.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.