Определены представители Беларуси на песенных конкурсах «Славянского базара». Один из них — с ушачскими корнями

Культура

Высветлілася, хто прадставіць Беларусь на XXXI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2022” і дзіцячым музычным конкурсе сёлетняга фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Па выніках фінальнага этапу нацыянальнага адбору, які прайшоў у Палацы культуры “Орша”, гэта ганаровае права атрымалі мінчанка Ганна Трубяцкая і Елісей Касіч, які таксама зараз прадстаўляе сталіцу, але пачынаў сваю творчую кар’еру ў Віцебску.

Нам жа прыемна, што юны спявак мае ўшацкія карані: яго тата Сяргей нарадзіўся ў гарпасёлку і скончыў мясцовую школу, ва Ушачах жывуць бабуля і дзядуля таленавітага хлопчыка Алена Віктараўна і Аляксандр Вітальевіч Касіч, а таксама іншыя яго родныя. У свае 12 год Елісей ужо мае ў творчым багажы шэраг узнагарод самых прэстыжных конкурсаў, але выступленне на “Славянскім базары ў Віцебску” было яго запаветнай марай. Залішне казаць, наколькі гэта складана, але хлопчык упарта ішоў да сваёй мэты. Елісей адбіраўся ў фінальную дзясятку пазалетась і ў мінулым годзе, і вось сёлета адшліфаваў выканаўчае майстэрства настолькі, што нарэшце пакарыў вяршыню нацыянальнага адбору! “Вялікі гонар прадстаўляць Беларусь!.. Жду сустрэчы, родны Віцебск!”, – так выказаў хлопчык свае эмоцыі на старонках сацсетак.

Выступленні хлопчыка на нацыянальным адборы і на тэлешоу можна паглядзець у YouTube і ў сацсетках “Патрыёта”.

А вось што расказвае пра ўнука Алена Віктараўна: “Ён спяваў з ранняга дзяцінства, а вось перайсці на больш сур’ёзны ўзровень дапамог шчаслівы выпадак: у 2019 годзе адна з вядучых беларуских педагогаў па вакале Таццяна Трухан прыехала ў Віцебск на фестываль і знаёмыя парэкамендавалі ёй праслухаць Елісея. Яна ацаніла талент унука, і бацькі сталі кожныя выхадныя вазіць яго на заняткі ў сталічную студыю – Елісей, канечне, стамляўся, аднак вучыцца яму вельмі падабалася, і праз год сям’я прыняла рашэнне цалкам змяніць уклад жыцця і пераехаць у Мінск. Прафесійныя заняткі вакалам – гэта вялікая праца, і Елісею даводзіцца ахвяраваць многімі звычайнымі для падлеткаў захапленнямі. Зараз ён з’яўляецца салістам тэатра эстраднай песні “Сябрынка”, удзельнічае ў шматлікіх праектах, у яго вельмі напружаны графік, здымкі і канцэрты распісаны на некалькі месяцаў наперад. Але ўнуку такое насычанае жыццё падабаецца. Ён увогуле вельмі арганізаваны, таму і вучыцца паспявае на выдатна”.

Дарэчы, мы прыгадалі яшчэ не ўсе сёлетнія творчыя здабыткі Елісея. Прыхільнікі расійскага вакальнага шоу “Голас. Дзеці”, напэўна, ужо ведаюць, што наш зямляк здолеў стаць удзельнікам 9 сезона тэлепраекта. На “сляпых” праслухоўваннях ён проста зачараваў усіх выкананнем знакамітага хіта “Цэлы свет са мной”, які праспяваў на беларускай мове. Да хлопчыка павярнуліся ўсе члены журы, але паміж Ягорам Крыдам, Палінай Гагарынай і Бастам Елісей выбраў апошняга. Зараз праект працягваецца і ў нас ёсць нагода сачыць за ім з асаблівай цікаўнасцю. І, вядома ж, сёлета мы будзем з нецярплівасцю чакаць дзіцячага конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску” і жадаць юнаму таленту з ушацкімі каранямі феерычнага выступлення за нашу краіну.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *