Механизатор УП ЖКХ Владимир Маркевич награжден знаком «Почетный работник жилищно-коммунального хозяйства»

Общество

Увесь гэты тыдзень Уладзіміру Сямёнавічу Маркевічу дрэнна спалася – з таго самага моманту, як паведамілі, што давядзецца ехаць у Мінск за высокай узнагародай. Нязвыкла яму падымацца на сцэну, удзельнічаць ва ўрачыстасцях. Ды і ў рабочы час на пасажырскім месцы з персанальным вадзіцелем таксама ніколі не ездзіў. Звычайна сам за баранкай, прычым двух замацаваных за ім трактароў.

Канечне, У.С.Маркевіч не меркаваў, што стане “Ганаровым работнікам камунальнай гаспадаркі”. Атрымаў правы і працаваў на розных відах работ у саўгасе “Кублічы”. Пераезд у гарпасёлак у 2004 годзе быў вымушаны і звязаны не з пагаршэннем спраў у сельскай гаспадарцы. Проста падрасталі дзеці, а жыла сям’я Маркевічаў нават не ў аграгарадку, а ў Гамылёва – вёсачцы на два дамы, адкуль нязручна было дабірацца да школы. Так і перасеў з “Кіраўца” на маленькі Т-25.

Дарэчы, гэта быў адзіны трактар, які механізатар атрымаў няновым. Яго аналаг, такі ж мініяцюрны МТЗ-320 і два МТЗ-82 прымаў “з нуля”. Прычым, першы ўніверсал і зараз бегае. Відаць, разгледзеўшы адказныя адносіны Уладзіміра Сямёнавіча, менавіта яму раней тэрміну зноў перадалі атрыманую з канвеера тэхніку.

У залежнасці ад задач прадпрыемства, ён выконвае абсалютна розныя функцыі. Ці чысціць тратуары – да мабільнага трактарка прымацаваны лапата і шчоткі, ці выязджае на дзялянку з вялізным прычэпам з маніпулятарам. Бываюць дні, калі займаецца і тым, і другім, бо расчыстку пачынаюць, калі людзі яшчэ спяць, ну а пагрузку драўніны – выключна днём. У такі перыяд, канечне, стамляецца, аднак жартуе, што перамена дзейнасці з’яўляецца лепшым адпачынкам.

Уладзімір Сямёнавіч – універсал, мае допуск практычна да ўсіх трактароў, акрамя экскаватара і Амкадора. Спецыфічнае ўпраўленне маніпулятарам спасцігаў у вучэбным цэнтры камунальнай гаспадаркі ў Віцебску, а за 17 год практыкі нават вузкія бярвёны падчэплівае вялікімі шчыпцамі як відэльцам.

Зараз трактар трэба падрамантаваць, і ў такі час акрамя слесара прадпрыемства на выручку прыходзяць калегі. “У нас выдатны калектыў, падменіць, дапаможа кожны. Таму ніколі не паўставала думкі шукаць больш лёгкі хлеб. Наогул заднюю перадачу па жыцці я не ўключаю”, – зноў перасыпае афарызмамі механізатар.

Працоўныя планёркі штодня праходзяць не толькі на тэрыторыі камунгаса, але і дома – на прадпрыемстве таксама на трактары працуе і яго сын Уладзімір. Разам лазяць у інтэрнэт, цікавяцца, як лепш што адрамантаваць. І бацька ганарыцца, што сёлета да прафесійнага свята адзначана іх сямейная дынастыя. Аднолькава станоўчыя эпітэты даводзілася чуць пра Маркевічаў ад членаў калектыву, розніца толькі ў прыстаўцы, што далучаецца да прозвішча: старэйшы і малодшы. А Уладзімір Сямёнавіч да выбару сына прымяніў сваю жыццёвую пазіцыю: “Ва ўсё самому трэба ўнікнуць, паспрабаваць і проста працаваць”. Дарэчы, ёсць яшчэ адна вельмі паказальная для механізатара рыса. Напрыклад, ён не сядзіць за баранкай, калі дворнікі кідаюць у прычэп пясок, а бярэ ў рукі рыдлёўку і дапамагае.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *