Ведущий юрисконсульт УП ЖКХ Валентина Анкудович умеет налаживать контакт с людьми и применять законодательство

Общество

“Абавязкова напішыце пра нашу Валянціну Эдуардаўну Анкудовіч – на ёй трымаецца вельмі вялікі пласт работы”, – напярэдадні прафесійнага свята папрасіў дырэктар УП ЖКГ А.А.Сідзюк. Дарэчы, была для гэтага і прыемная нагода: сёлета вядучы юрысконсульт прадпрыемства адзначана Ганаровай граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

У тым, што характарыстыка кіраўніка і высокая ўзнагарода – заслужаныя, няма ніякіх сумненняў. Менш чым за гадзіну, пакуль гутарылі з Валянцінай Эдуардаўнай, за падказкай да яе звярнулася некалькі спецыялістаў – і ніводнае пытанне не засталося без вырашэння. “Сёння яшчэ ціха, – усміхаецца гераіня нашага аповеду. – Вось учора дзверы практычна не зачыняліся – за заключэннем дагавораў на аказанне камунальных паслуг, вырашэннем праблемных момантаў прыходзілі многія ўшачане. Добра, што працуем у тандэме з юрысконсультам Вікторыяй Васільеўнай Варапаевай, таму ёсць магчымасць падзяліць функцыі і ўсё своечасова выканаць”.

А задач у гэтых спецыялістаў, сапраўды, шмат! На кантролі – захаванне жыллёвага, працоўнага заканадаўства, адміністрацыйнага права. Заключаюць гаспадарчыя і дагаворы найму жылых памяшканняў, рыхтуюць адказы на звароты грамадзян і заўвагі кантралюючых арганізацый, у судовым парадку спаганяюць запазычанасці і нават займаюцца высяленнем з кватэр заўзятых неплацельшчыкаў, праводзяць электронныя закупкі, якія патрэбны нават пры набыцці мяшка шчэбеню. Дадало спраў і нядаўняе прыняцце “Закону аб абароне персанальных даных”.

Добры юрыст – гэта прызванне, а не прафесія. Толькі людзі, улюбёныя ў сваю справу, могуць расказваць пра яе з запалам у вачах. Так, як гэта робіць Валянціна Эдуардаўна.

“Заўсёды імкнулася да зносін з людзьмі, старалася ўсім дапамагаць. Напэўна, таму і выбрала юрыспрудэнцыю, – падзялілася з намі жанчына. – Спачатку ж набыла спецыяльнасць тэхнолага швейнай вытворчасці, працавала майстрам на фабрыцы “Знамя індустрыялізацыі” ў Віцебску. Пасля замужжа пераехала ва Ушачы, уладкавалася дыспетчарам на прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Калі ж у 2012-м завочна скончыла міжнародны ўніверсітэт “МИТСО”, у ЖКГ якраз з’явілася вакансія юрысконсульта. Памятаю, як прыйшла ў першы дзень на работу: дырэктар С.Л.Шульц прывёў у кабінет, паказаў на стосы папак і з фразай “Разбірайся!” пайшоў. Аднак гэта не напужала. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што з выбарам прафесіі і месца працы не памылілася”.

Для сябе В.Э.Анкудовіч засвоіла галоўнае правіла – сачыць за зменамі ў заканадаўчай базе, арыентавацца ў ёй і граматна прымяняць на практыцы. А яшчэ, вядома, умець наладжваць кантакт з людзьмі, паколькі прафесія вядучага юрысконсульта мае на ўвазе жывыя зносіны з імі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *