Часам прымусіць чалавека займацца сваім здароўем бывае складана. А калі справа тычыцца платных медыцынскіх паслуг, якія паралельна бясплатным прапануюцца ва ўстановах аховы здароўя, многія “закрываюць вушы”. Для таго, каб разабрацца ў сітуацыі, вырашыла высветліць, якія платныя паслугі прапануе пацыентам Ушацкая ЦРБ, наколькі высокі іх кошт, а таксама асабіста ацаніць узровень камфартабельнасці знаходжання пацыентаў у стацыянары.
Платныя
палаты
На сённяшні дзень у ЦРБ функцыянуе адна аднамесная і адна двухмесная платныя палаты ў тэрапеўтычным аддзяленні і тры аднамесныя ў хірургічным. У кожнай з іх ёсць тэлевізар, халадзільнік, а ў некаторых яшчэ і туалет, душавая кабіна.
Пры наведванні гэтых палат упэўнілася ў іх камфартабельнасці і ўтульнасці. З густам аформленая абстаноўка, якасная мэбля, наяўнасць усяго самага неабходнага ствараюць тут вельмі добрыя, блізкія да гасцінічных, умовы для пацыентаў. На сённяшні дзень кошт адных сутак знаходжання ў платнай палаце складае ад двух да шасці тысяч рублёў.
За хуткасць
аналізаў
Безумоўна, зрабіць аналіз крыві ці многія іншыя працэдуры ў ЦРБ можна бясплатна. Аднак пры жаданні пацыента як мага хутчэй атрымаць адпаведнае заключэнне, не чакаючы чаргі, гэта можна зрабіць за невялікую плату. Усе аналізы (акрамя біяхіміі) будуць зроблены на працягу адной гадзіны.
Не кожны мае магчымасць прыйсці ў бальніцу для здачы аналізаў. Таму прадугледжана магчымасць выклікаць лабаранта на дом, канечне, на ўмовах аплаты. Але зрабіць гэта могуць толькі жыхары гарпасёлка.
Мужчынам – сюды!
Нярэдка прыходзіцца чуць скаргі мужчын аб тым, што ва ўстановах аховы здароўя не прадугледжаны кабінеты “мужчынскага профілю”. Ад бязвыхаднасці ідуць да хірурга. І то ў самых крайніх выпадках, калі ўжо ёсць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Аб прафілактыцы захворванняў мочапалавой сістэмы мужчыны, на жаль, думаюць рэдка.
Нямногія ведаюць, што ва Ушацкай бальніцы за плату можна здаць аналіз на прастат-спецыфічны антыген. Працэдура звычайная: вы проста здаяце кроў з вены, у выніку чаго не толькі своечасова даведваецеся аб існуючых захворваннях, але і пры выкананні рэкамендацый медыкаў можаце папярэдзіць развіццё новых. Мужчынам пасля 40 гадоў праходзіць такую працэдуру рэкамендуецца кожны год.
Барацьба
з анкалогіяй
Кожны год ва Ушачах рэгіструецца каля 200 новых пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі. У большасці выпадкаў гэта жанчыны сярэдняга ўзросту. На вялікі жаль, вылечыць такія хваробы, калі яны знаходзіяцца на апошніх стадыях свайго развіцця, вельмі складана. Для таго, каб прадухіліць негатыўныя вынікі, неабходна своечасова выяўляць хваробу. З гэтай мэтай медыкі рэкамендуюць жанчынам раз у год здаваць аналіз крыві на анкалагічныя захворванні. Зрабіць гэта можна і ва Ушацкай ЦРБ.
Палечаць зубы
Палячыць зубы ўшачане могуць як бясплатна, так і на ўмовах аплаты. На сённяшні дзень у бальніцы функцыянуе два платныя стаматалагічныя кабінеты. Акрамя якаснага абслугоўвання пацыенты атрымліваюць яшчэ гарантыі на пломбы. Гэты від платных паслуг ЦРБ карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў, пра што сведчаць чэргі да стаматолагаў. Для таго, каб трапіць да іх на прыём, неабходна загадзя запісацца.
* * *
Акрамя названых працэдур ва Ушацкай ЦРБ на платнай аснове можна ананімна прайсці абследаванне на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам (без адпаведных запісаў у медыцынскую картку), прайсці ўльтрагукавое даследаванне, хутка зрабіць рэнтгенздымак зубоў, трапіць на прыём да ўрача-зубапратэзіста.
Як расказаў нам галоўны ўрач бальніцы М.М.Каспіровіч, колькасць аказваемых паслуг ва Ушацкай ЦРБ паступова будзе пашырацца. У бліжэйшы час плануецца ўвядзенне платных транспартных паслуг, аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі – выдзяленне ложкаў у сельскіх бальніцах, а таксама адкрыццё кабінета ЛФК.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.