Стала добрай традыцыяй, што банкаўскія ўстановы аказваюць дабрачынную дапамогу людзям і арганізацыям у годных справах і праектах. Чарговым такім прыкладам стала перадача “Беларусбанкам” чатырох камп’ютараў Ушацкаму музею народнай славы імя У.Е.Лабанка.
“Дырэктар установы культуры звярнулася да нас з адпаведным хадайніцтвам, і кіраўніцтва банка прыняла рашэнне яго задаволіць. Вельмі прыемна, што ў Год гістарычнай памяці нам выпала магчымасць зрабіць свой невялікі ўнёсак у важную справу захавання гераічнай спадчыны, якой займаецца музей”, – зазначыла начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг №221 філіяла №216 ААТ “ААБ Беларусбанк” у г.п.Ушачы Жанна Валянцінаўна Шаўчэнка. “У нашай сферы не абысціся без спонсарскай падтрымкі, таму мы шчыра ўдзячныя “Беларусбанку” за дапамогу”, – падкрэсліў загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Алексяёнак. А Дар’я Пятроўна Мілая, якая часова выконвае абавязкі дырэктара музея, прымаючы дакументы на аргтэхніку, патлумачыла, што супрацоўнікі ўжо распланавалі, як будуць задзейнічаны кампьютары: на адным з іх, напрыклад, будзе захоўвацца база даных “Памяць”, другі вылучаць для прыёмкі, апрацоўкі і алічбавання матэрыяла, што прымаецца на пастаяннае захоўванне.
Як вядома, неўзабаве Ушацкі музей адчыніць свае дзверы пасля істотнага пераўтварэння і прыемна, што абнаўляюцца не толькі будынак і экспазіцыя, а і тэхнічныя сродкі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.