Помнит каждого ученика. Тамара Чумакова посвятила свою жизнь работе педагога

Общество

Кожны, хто ведае Тамару Пятроўну Чумакову, кажа пра яе толькі добрыя словы. Яна маці траіх дзяцей і бабуля чатырох унукаў, аднак на самой справе сваімі дзецьмі называе і ўсіх вучняў, для якіх чатыры дзясяткі гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў Глыбачанскай школе. І хоць шмат было навучэнцаў у буйной вёсцы і ўжо некалькі гадоў як на заслужаным адпачынку, памятае кожнага, пра іх здольнасці і характары.

Тамара Пятроўна не вагалася, кім стаць – толькі настаўніцай. І атрымаўшы вышэйшую адукацыю, з задавальненнем ехала працаваць у родную Глыбачанскую школу. Хоць і лягчэй пачынаць у сваіх сценах, аднак хвалявалася, а да кожнага ўрока грунтоўна рыхтавалася і праз 10, і праз 20 гадоў. “Мама заўсёды імкнулася, каб кожны занятак не быў падобны на папярэдні. Мне ж здавалася, навошта сядзець часам да ночы, яна ж усё ведае? Ніколі мне не давала ніякіх паслабленняў: нельга было не дачытаць твор ці не давучыць правіла. Але я не крыўдаваў, наадварот, любіў знаёміцца з творамі класікаў. А яшчэ не дазваляла ў школе называць яе мамай – там усе аднолькавыя. Заўсёды строгая і патрабавальная, яна аднак любіла кожнага вучня, і ўсе яны гэта адчувалі. Заўсёды перажывала за сваіх алімпіяднікаў, за падрыхтоўку да 90-гадовага юбілею школы, сабраўшы мноства інфармацыі пра ўстанову, яе выпускнікоў”, – расказвае старэйшы сын Т.П.Чумаковай Уладзімір.

Часам даводзілася падмяняць калег і пераключацца на нямецкую мову. Асаблівай “нагрузкай” для яе быў школьны музей, прысвечаны побыту беларусаў. Несла розныя рэчы з дому, ездзіла па суседніх вёсках, радавалася кожнай знойдзенай для музея рэчы. З агеньчыкам у вачах не стамлялася расказваць пра кожны з іх школьнікам і вучыла саміх праводзіць экскурсіі.

Тамара Пятроўна не толькі выдатны педагог, а і клапатлівая жонка, маці, разам з Анатолем Сцяпанавічам яны ў згодзе жывуць ужо 47 гадоў. “Іх адносіны заўсёды былі для нас прыкладам, – кажа дачка Жанна. – Трымалі вялікую падсобную гаспадарку, садзілі вялізны агарод. Яны і зараз не могуць адмовіцца ад працы і сядзець склаўшы рукі. Не столькі для сябе стараюцца, колькі па звычцы для нас, дзяцей, хоць ужо і дарослых. Зімой жа, напрыклад, для нашай мамы любімы адпачынак – гэта красворды. Калі едзем у вёску, абавязкова вязём ёй шмат адпаведных часопісаў і газет”.

Не проста любімая цешча, а і былы настаўнік Т.П.Чумакова і для зяця Васіля, які, як і двое сыноў, працуе праваахоўнікам у Віцебску. “Тамара Пятроўна была маім класным кіраўніком. З ёй мы хадзілі ў цікавыя паходы па наваколлі, удзельнічалі ў турзлётах і зарніцах. Нават калі дзе наш клас і правініўся, заўсёды заступалася перад кіраўніцтвам школы, пры гэтым з намі заўсёды асобна праводзіла выхаваўчыя размовы. І мы яе слухалі і паважалі. Ніколі не ўмешваецца ў нашы сямейныя справы. Вельмі мудрая жанчына і проста міравая цешча. Так што анекдоты пра дрэнную да нас не пасуюцца”.

Калі многія ў чарадзе шматлікіх працоўных і асабістых спраў адкладваюць паездку да бацькоў на потым, у гэтай сям’і, наадварот, імкнуцца ў Глыбачку як мага часцей. Нават дні нараджэнні едуць не да імянінніка, а ўсе разам збіраюцца ў бацькоў. Анатоль Сцяпанавіч спецыяльна змайстраваў вялікую альтанку, каб летам у ёй хапала месца дзецям і ўнукам. “Мае бацькі таксама жывуць у Глыбачцы, і мы ўсе як адна сям’я, – кажа нявестка Вольга. – У мяне цудоўная свякроў, удзячна ёй за сына і за такія шчырыя адносіны да мяне. Сваіх дзяцей яны з мужам вырасцілі працалюбівымі, ім не трэба казаць, дзе і што трэба зрабіць. Я таксама вучаніца Тамары Пятроўны і калі расказваю пра яе, неяк само сабой гаворыцца па-беларуску. Зрэшты, дома яна часцей размаўляе на роднай мове, і гэта ў яе атрымліваецца чыста і прыгожа. Пасля школы наш сын нават не задумваўся, якую мову абраць на цэнтралізаваным тэсціраванні. Падцягнуць веды, канечне, дапамагла бабуля, у выніку набраў больш 80 балаў”.

Зрэшты, калі ў вёску едуць унукі, Тамара Пятроўна адкладвае ўсе справы і ўдзяляе ім шмат увагі. Нават на возера разам з імі ідзе купацца. Хоць ужо і заканчвае тэхналагічны ўніверсітэт у Мінску старэйшы ўнук Даніла, усё роўна як у дзяцінстве імкнецца ў вёску: “Ведаеце, туды хочацца ехаць, там асаблівая атмасфера. Бабуля заўсёды гатуе спецыяльна для мяне мой любімы фасолевы суп. Калі адначасова прыязджае яшчэ адна ўнучка Віка, то яе чакае смачны боршч. Усіх нас яна любіць аднолькава, незалежна ад узросту. І мы ўсе яе вельмі любім!”

Сёння Тамара Пятроўна адзначае юбілей. І гэты артыкул – для яе нечаканасць, мяркуем, прыемная, яна заўсёды з задавальненнем чытае “Патрыёт”, бо ён выходзіць на мове, якой яна навучыла не адно пакаленне глыбачанскіх дзяцей. Шмат іншых сюрпрызаў падрыхтавалі для жанчыны дзеці і ўнукі, адзін з іх – абавязкова завітаць у родны дом з віншаваннямі і словамі ўдзячнасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *