Районная спартакиада среди трудовых коллективов

Общество

Такім мерапрыемствам, безумоўна, з’яўляецца традыцыйная раённая зімовая спартакіяда сярод працоўных калектываў. Сёлетняе спартыўнае свята сабрала 30 каманд-удзельніц і, як звычайна, вялікую колькасць балельшчыкаў, якія падтрымлівалі сваіх калег, сяброў і знаёмых.  
Спартыўная зала Ушацкай школы ўмясціла ўсіх жадаючых папрысутнічаць на спаборніцтвах. На пастраенні каманд з прывітальным словам выступілі намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская і начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму С.І.Ціханёнак. Яны пажадалі камандам поспехаў, а балельшчыкам і гледачам прыемнага баўлення часу. Права адкрыць спартакіяду і ўзняць нацыянальны сцяг было дадзена мінулагоднім пераможцам – аб’яднанай камандзе аддзела па надзвычайных сітуацыях і інспекцыі па падатках і зборах па Ушацкім раёне. 
Прыхільнікаў кожнага віду было дастаткова. У фае ішлі шашачныя баталіі, дзе ўдзельнікі няспешна прадумвалі кожны ход. У ціры сабраліся стралкі і жадаючыя паглядзець і падтрымаць. У спартыўнай зале – гімнасты і тыя, хто паказваў свой спрыт і моц у дыгатлоне і гіравым спорце. Ну а лыжнікі адправіліся на старт у мікрараён вуліцы Дружбы.
Самым відовішчным і цікавым, зыходзячы з колькасці гледачоў і іх эмоцый, штогод з’яўляецца дыгатлон. Сёлета не выключэнне. Кожны паядынак суправаджаўся воклічамі ў падтрымку ўдзельнікаў і апладысментамі ў адрас мацнейшага. Абсалютным і бясспрэчным пераможцам у дыгатлоне стаў Леанід Стэльмах з каманды аддзела па надзвычайных сітуацыях. Роўных яму тут не было, бо яўна пераўзыходзіў усіх сапернікаў і ростам, і вагой. У дыгатлоне не ўлічваецца ні ўзрост, ні вагавая катэгорыя, таму і мерыліся сілай рук і сталыя, і маладыя.
У стральбе лепшым стаў Іван Антопуш з раённага вузла паштовай сувязі, які набраў 38 ачкоў з 50 магчымых. А вось хто стане пераможцам у падыманні гіры, усе ведалі яшчэ да пачатку спаборніцтва: Уладзімір Аўдошка, капітан каманды “Беларусбанка”, намнога абышоў сваіх сапернікаў.  
Атрымаць перамогу ў шашках удалося Мікалаю Шчукіну з філіяла Ушачы “АТП №6 г.Наваполацк”, а ў гімнастыцы сярод жанчын лепшы вынік паказала Таццяна Гулевіч з каманды ЖКГ, сярод мужчын Яўген Контараў з ДРБУ-105. У лыжнай эстафеце не было роўных камандзе лясгаса. 

Прыемна, што ў спартакіядзе ўдзельнічаюць і сельгасарганізацыі, сёлета іх было шэсць: “Глыбачаны”, Кублічы”, “Райаграсэрвіс”, “Ільюшынскі”, “Сарочына”, “Арэхаўна”.
Назіраючы за тым, як каля стэнда з вынікамі кожнага спаборніцтва ўсім не цярпелася даведацца пра поспехі каманды і кожнага прадстаўніка, было ясна, што абыякавых тут няма. І вось надышоў прыемны і хвалюючы момант.
Граматы за першае, другое і трэцяе месцы атрымалі ўдзельнікі ўсіх відаў спорту. Прыз за волю да перамогі дастаўся В.Алексяёнку, які імкнуўся да яе падчас лыжнай эстафеты, прыз сімпатый гледачоў – Г.Баратынскай. Падарунак уручаны і самаму старэйшаму ўдзельніку спаборніцтваў – І.Сіпко, 1936 года нараджэння, які змагаўся за перамогу ў шашках.
Старшыні сельскіх Саветаў спаборнічалі асобна ад усіх каманд. Яны паказвалі свае здольнасці ў стральбе і шашках. Перамога і кубак – у старшыні Ушацкага сельвыканкама В.І.Шнітко. Дарэчы, усе старшыні сельсаветаў паказалі добрыя вынікі ў стральбе.  
Пераможцам зімовай спартакіяды 2011 года стала каманда лясгаса, другое месца заваявала аб’яднаная каманда аддзела па надзвычайных сітуацыях і падатковай інспекцыі, трэцяе – за аддзелам унутраных спраў. Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам і дыпломамі. У пяцёрку лепшых увайшлі таксама каманды ПМК-66 і аддзялення “Беларусбанка”.
Незалежна ад занятага месца ўдзельнікі самага масавага спартыўнага мерапрыемства пакідалі Ушацкую школу са станоўчымі эмоцыямі і добрым настроем, а таксама жаданнем займацца спортам.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *