Ученица Ильюшинской школы Диана Радюш активно покоряет учебные, спортивные и творческие вершины

Общество

Удзел у цэнтральным мерапрыемстве рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, фотаздымкі з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта на сайтах сталічных СМІ і нават інтэрв’ю, дадзенае аднаму з тэлеканалаў. 14-гадовая Дзіяна Радзюш з аграгарадка Ільюшына на бягучым тыдні стала сапраўднай зоркай.

Зрэшты, знаёмыя дзяўчыны асабліва не здзівіліся такому гучнаму яе поспеху. Па-першае, таму што сямікласніца ўжо трапляла ў лік лепшых школьнікаў краіны – некалькі год таму прадстаўляла Ушацкі раён на рэспубліканскай навагодняй ёлцы з удзелам Прэзідэнта. Ну а па-другое, надзвычай актыўная, мэтанакіраваная Дзіяна працягвае штурмаваць вучэбныя, спартыўныя і творчыя вяршыні – “пляцоўка дасягненняў”, размешчаная на другім паверсе Ільюшынскай школы, не абыходзіцца без узнагарод з яе прозвішчам (на здымку).

– Выдатніцай назваць сябе не магу: усё ж здараецца, што нешта недавучу і атрымаю, скажам, шасцёрку. Але потым абавязкова стараюся выправіць гэты вынік – каб у дзённіку было больш дзясятак, як па любімых фізкультуры і нямецкай мове, якія выкладаюць Віктар Іванавіч Акулёнак і класны кіраўнік Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа. Не бывае і такога, што прыходжу ў школу ўвогуле непадрыхтаваная, – зусім не саромеючыся карэспандэнта, расказвае Д.Радзюш.

Дзяўчына здзіўляе сваёй “даросласцю” ў развагах. Па душы ёй урокі, на якіх актыўна выкарыстоўваецца інфармацыя пазашкольнай праграмы. Тады асабліва прыемна цягнуць руку і адказваць, пацвярджаючы тым самым, што і сама праштудзіравала ў бібліятэцы не адну энцыклапедыю.

– Назіраю за работай нашых вопытных педагогаў і штосьці абавязкова пераймаю, – прызнаецца Дзіяна. – Мне яшчэ ранавата думаць аб будучай прафесіі, але не выключаю, што стану менавіта такім спецыялістам – хачу вучыць малодшых школьнікаў усяму, што ўмею.

А талентаў у дзяўчыны, сапраўды, нямала. Актыўна ўдзельнічае ў алімпіядным руху – мае некалькі дыпломаў па беларускай і нямецкай мовах. Станавілася лепшай на конкурсах “Буслік” і “Лінгвісцёнак” па гэтых жа прадметах, а таксама на “Жураўліку” па рускай мове, “Вавёрцы” па хіміі. Адзначана на шэрагу навукова-практычных канферэнцый. У вольны ад вучобы час любіць маляваць – тэмы для будучых “шэдэўраў”, якія стварае алоўкамі ці фламастарамі, падказвае настрой. Нядаўна занялася алмазнай мазаікай. У ліку ж даўніх захапленняў дзяўчыны – вакал і харэаграфія. Разам з сястрычкамі Ксюшай Мацюшавай і Сашай Радзюш Дзіяна нярэдка наладжвае дома невялікія канцэрты: пад гучна ўключанае радыё ўсе весела спяваюць, танцуюць.

Дарэчы, выхоўваюцца дзяўчынкі ў прыёмнай сям’і Іны Аляксандраўны і Уладзіміра Уладзіміравіча Лёля. Ужо каля дзесяці гадоў жывуць у згодзе, клопаце, любові.

– Майго вяртання ў гэты аўторак з Мінска блізкія чакалі асабліва і хваляваліся, – расказвае Дзіяна. – Усе хацелі ў падрабязнасцях даведацца, як прайшла ўрачыстасць з нагоды Дня Канстытуцыі, дзе мне была ўручана ID-карта, сучасны аналаг пашпарта, а таксама арганізавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы (дарэчы, вельмі баюся вышыні, аднак на аглядавую пляцоўку схадзіла – лічу гэта таксама дасягненнем). Увечары ж сям’ёй сабраліся ў зале ля тэлевізара – па навінах паказвалі мерапрыемства з маім удзелам. Усе ганарыліся! А тата прызнаўся, што не пазнаў бы з экрана такую “важную” персону ў прыгожым уборы (яго спецыяльна купілі да гэтай падзеі).

Віншаванні з нагоды атрымання свайго першага біяметрычнага дакумента, “зорнага” выступлення ў СМІ Дзіяна Радзюш атрымлівае гэтымі днямі ад усіх: педагогаў, іншых школьнікаў, суседзяў. А гэта для юнай жыхаркі Ільюшына – лепшы стымул для таго, каб “трымаць марку” ў вучобе, паводзінах і дасягаць новых вяршыняў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *