Кому хоть завтра в поле? В хозяйствах Ушачского района проходит проверка готовности техники

Сельское хозяйство

Сакавіцкае сонейка яскрава намякае на тое, што пасяўная зусім не за гарамі, а значыць, заканчваецца час, вылучаны на давядзенне да ладу сельскагаспадарчай тэхнікі. На бягучым тыдні камісію па правядзенні тэхагляду сустракалі на машынных дварах пяці ўшацкіх гаспадарак.

А.Лісоўскі, М.Лях, У.Тараканаў, С.Качан.

Паездку ў “Глыбачаны” галоўны дзяржінспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання С.М.Качан і галоўны спецыяліст райсельгасхарча А.А.Баранаў чакалі з пэўнай насцярожанасцю: летась тэхагляд тут праходзіў, мякка кажучы, са скрыпам. Трэба, канечне, зазначыць, што ўскладняюць працэс суб’ектыўныя фактары: парк трактароў і прычэпаў істотна зношаны, хранічна не хапае механізатараў і спецыялістаў – няма ў тым ліку галоўнага інжынера, так што за падрыхтоўку тэхнікі да вясны адказваў перадавік гаспадаркі Уладзімір Тараканаў, які восенню згадзіўся заняць пасаду начальніка рамонтных майстэрняў. У сераду на лінейку тут былі выстаўлены толькі шэсць МТЗ. Замацаваныя за трактарамі работнікі Васіль Архавёнак, Аляксандр і Мікалай Лях, Уладзімір Кішчанка, Міхаіл Брыцік, Алег Сурынаў (апошні, дарэчы, зімой прайшоў перападрыхтоўку ў вучэбным Цэнтры райсельгасхарча, каб кіраваць больш магутнай тэхнікай) застаюцца вернымі гаспадарцы, не зважаючы на складаны эканамічны стан, і іх ніяк не папракнеш у адсутнасці старання і адказнасці. Аднак камісія заўсёды скрупулёзна правярае ўсе нюансы, бо ад гэтага залежыць бяспека людзей. Унікаюць у кожную акалічнасць і прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі – звярталі ўвагу, напрыклад, не толькі на наяўнасць аптэчкі ў кабіне, а і на прыдатнасць прэпаратаў. У выніку дазвол да работ атрымалі тры адзінкі, у астатніх выявілі дробныя хібы, у асноўным па электраабсталяванні, а адзін з трактароў проста не паспелі пафарбаваць, патлумачыўшы гэта тым, што тэхніка была занята на раздачы кармоў. Зрэшты, неўзабаве глыбачанцы ўжо тэлефанавалі дзяржінспектару, каб адрапартаваць аб зробленым і запрасіць камісію да паўторнага візіту.

А.Баранаў, А.Лях.

А вось селішчанцы добра разумеюць, што пасяўная пачынаецца не на полі, а ў майстэрні, і апошнім часам праходзяць тэхагляд зладжана. Трактароў і прычэпаў тут усяго 17, на лінейку было выстаўлена 12. Немаладыя, але дагледжаныя “Беларусы” ззялі на сонцы чыстым шклом і свежымі фарбамі. Добры настрой быў і ў мясцовых механізатараў – бачна, што ўжо не церпіцца выйсці ў поле. “Дні тры, напэўна, папрацавалі, каб усё праверыць і наладзіць. Затое, як бачыце, не ўзнікла ніякіх пытанняў”, – зазначалі Генадзь Хадасевіч і Анатоль Жаваранак. Спецыяльна для падрыхтоўкі замацаванага трактара прыпыніў работу ў кацельні камунгаса Юрый Юркевіч, які кожны сезон дапамагае роднаму “Агра-Селішчу” на ўсіх хлебаробскіх этапах. На “ты” з тэхнікай не толькі старажылы гаспадаркі, а і больш маладое механізатарскае пакаленне: магчымасці рарытэтнага Кіраўца К-701, які не так даўно з’явіўся ў парку гаспадаркі і ўзяў на сябе вялікі фронт работ, дэманстраваў Ілья Загародні. У магутнай машыне з 40-гадовым працоўным стажам трэба тое-сёе падправіць, таму “штамп” яна пакуль не атрымала, затое ўсе астатнія трактары і прычэпы тэхагляд прайшлі. У чым, канечне, варта прызнаць заслугу маладога галоўнага інжынера гаспадаркі Уладлена Паўлаўца, які арганізаваў работу і дакладна аформіў патрэбныя дакументы.

А.Жаваранак.

11 адзінак тэхнікі было выстаўлена для агляду ў “Ільюшынскім”, а прайшло яго 7 – у астатніх трэба ўхіліць выяўленыя недахопы. Толькі асобныя адзінкі атрымалі дазвол на выхад у поле ў “Вялікадолецкім” і “Дземенцы” – ёсць яшчэ час для выпраўлення сітуацыі, але яго зусім нямнога.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Кому хоть завтра в поле? В хозяйствах Ушачского района проходит проверка готовности техники

  1. Как посеешь, так и пожнешь, поэтому теперешняя работа у аграриев очень ответственная и основополагающая, от которой напрямую зависит будущий урожай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *