Вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну беларускага народа — такая мэта гісторыка-асветніцкага праекта «Бацькаўшчына», рэалізацыю якога зацікаўленым прапануе Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым. Сімвалічна, што праект стартаваў менавіта ў 2022-м, які аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.
Пачатак праекта паклала выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фатаграфіі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя з асабістай калекцыі аўтара. А сёлета да гэтай важнай ва ўсіх сэнсах справы далучацца і рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі. На старонках газет будуць размяшчацца архіўныя, музейныя фатаграфіі вядомых аб’ектаў альбо месцаў рэгіёна, у якім выходзяць СМІ, з кароткай гістарычнай даведкай, а таксама па магчымасці фатаграфіі адпаведных сучасных аб’ектаў альбо месцаў рэгіёна. З радасцю падтрымаць гэты праект гатова і рэдакцыя раённай газеты «Патрыёт».
На працягу года журналісты «Патрыёта» пры па дтрымцы раённага гісторыка-краязнаўчага музея будуць дэманстраваць, як мяняліся населеныя пункты раёна, знаёміць чытачоў са знакавымі архітэктурнымі аб’ектамі, гістарычнымі помнікамі, а таксама знакамітымі ўраджэнцамі Ушаччыны. Увага будзе нададзена не толькі райцэнтру, але і невялікім населеным пунктам. Можа, і ў вас, дарагія землякі, ёсць унікальныя здымкі, якія дазваляюць убачыць, як выглядаў наш край шмат гадоў таму назад? Мы будзем вельмі ўдзячныя, калі вы падзеліцеся фатаграфіямі з намі. Бо дзякуючы ім можна здзейсніць немагчымае — аднавіць, здавалася б, назаўжды зніклае.
Дарэчы, праект «Бацькаўшчына» будзе закладзены ў аснову канцэпцыі XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая пройдзе 23-27 сакавіка 2022 года.