Вера Владимировна Друк

Наш современник Общество

Некалькі гадоў назад была ў вёсцы Бікульнічы, рыхтавала матэрыял пра яе жыхароў. І тады чула ад іх пра сардэчную жанчыну, якая вельмі дапамагае пажылым вяскоўцам у іх жыцці. Невыпадкова абралі яе старэйшынам. Сёння яна з’яўляецца і дэпутатам Сарочынскага сельскага Савета. Вера Уладзіміраўна Друк як бібліятэкар фарміруе ў вяскоўцаў інтарэс да чытання, а як іх абраннік вядзе грамадскую работу ў сельскай мясцовасці.

Працаваць бібліятэкарам з душой можа толькі той, хто па-сапраўднаму цікавіцца літаратурай, здольны знайсці агульную мову з кожным. І тут якраз Вера Уладзіміраўна лепшым чынам падыходзіць да гэтай работы. Яна любіць кнігу сама і наведвальнікаў абслугоўвае з веданнем справы, уяўляе, што прапанаваць, чым захапіць.
Да работы, якая стала для яе любімай, яна прыступіла ў 1984 годзе. Праз два гады атрымала спецыяльнасць, бо завочна вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным тэхнікуме. Сёння, як расказваюць спецыялісты цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Е.Я. Лось, яна прафесіянал сваёй справы, таленавіты арганізатар, цікавы дарадчык і субяседнік.
У зоне абслугоўвання Сарочынскай бібліятэкі – жыхары аддаленых ад гэтай культустановы вёсак: Адворні, Ляснеўшчыны, Славеняў, Увалок, Бікульніч. Што і казаць, як і ў іншых такіх населеных пунктах, там пражываюць у асноўным пенсіянеры. Данесці кнігу да іх, а не чакаць, калі дабяруцца самі, – задача сельскага бібліятэкара. Так Вера Уладзіміраўна і робіць. Наведваецца да пажылых, інвалідаў. Такім чынам яна пазнаёмілася з людзьмі, добра з імі кантактуе, прапануе кнігі па інтарэсах.   
Паслугамі Сарочынскай бібліятэкі карыстаюцца настаўнікі і вучні Ленінскай школы, мясцовая інтэлігенцыя, рабочыя сельгаспрадпрыемстваў “Сарочына”,”Арэхаўна”.
Вера Уладзіміраўна займаецца не толькі бясплатнай выдачай літаратуры, але аказвае і платныя паслугі, без чаго сёння не абысціся ні ў адной сферы.
Яшчэ адзін напрамак прафесійнай дзейнасці – масавыя мерапрыемствы. Свае планы бібліятэкар Сарочынскай бібліятэкі складае так, каб улічыць падзеі ў грамадстве, розныя святы і даты, інтарэсы ўзроставых груп, пытанні выхавання моладзі.
На прафесійным узроўні праводзяцца ёю ўрокі патрыятызму, напрыклад, “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, гульні-развагі (адна з іх – “Дзеці маюць права…”), вандроўкі і віктарыны па кнігах, экалагічныя ўрокі, урокі здароўя па прапагандзе супрацьалкагольнага ладу жыцця, па развіцці спорту, супраць курэння.
Культурна-масавыя мерапрыемствы ў сельскай мясцовасці таксама не абыходзяцца без бібліятэкара. Вера Уладзіміраўна, у прыватнасці, удзельнічае ў святах вёсак разам з загадчыцай сельскага клуба.
Некалькі гадоў назад В.У.Друк занялася добраўпарадкаваннем культустановы, а таксама прылягаючай тэрыторыі. Вынікам намаганняў Веры Уладзіміраўны стала ўтульная, камфортная абстаноўка ў памяшканнях бібліятэкі, прыгожая кветкавая кампазіцыя пад яе вокнамі. Наведвальнікам падабаецца праводзіць тут свой вольны час.
За гады работы набыты багаты вопыт, ёсць чым падзяліцца з калегамі. І Вера Уладзіміраўна дзеліцца. Яна прымае звычайна актыўны ўдзел у семінарах творчага майстэрства бібліятэкараў сістэмы, пасяджэннях за “круглым”сталом. Перадаваць свае веды, замацаваныя практыкай, іншым – справа не толькі важная, але і ўдзячная.
З прафесійнымі набыткамі прыходзіла да Веры Уладзіміраўны і жыццёвая практыка. Акрамя гэтага яна знаёма сёння з многімі людзьмі наваколля. Усё разам паспрыяла таму, што была абрана дэпутатам Сарочынскага сельскага Савета. Грамадская дзейнасць на чалавека з прыроджанай адказнасцю за тое, што даручылі, аказвае непасрэднае ўздзеянне. А Вера Уладзіміраўна з такіх. Яна кожны зварот свайго выбаршчыка не пакідае без увагі, абавязкова вырашае нават самае маленькае пытанне з дапамогай старшыні, сакратара сельскага Савета. Тым больш, што ўстанова мясцовай улады знаходзіцца побач з бібліятэкай. Кантакт самы цесны.
А ў сваіх Бікульнічах В.У.Друк як старэйшына не толькі адгукаецца на звароты людзей, цікавіцца жыццём кожнага, а і выконвае розныя жыццёвыя просьбы. Усім яна патрэбна.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: В.У.Друк.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *