Статистика разводов не радует

Общество

Усім добра вядомы выраз: “Шлюбы заключаюцца на нябёсах”. І гледзячы на шчаслівых і прыгожых жаніха і нявесту ў дзень вяселля, здаецца, што гэта сапраўды так. Абяцанні кахаць адзін аднаго, дзяліць гора і радасці, захоўваць вернасць – інакш і не можа быць. І вось наступаюць будні, штодзённыя клопаты, праблемы. Аб маршы Мендэльсона – адны ўспаміны, а ў доме – нярэдкія сваркі і скандалы. Адны ў хуткім часе імкнуцца скасаваць шлюб, іншыя – церпяць гадамі.
У 2010 годзе судом Ушацкага раёна разгледжана 56 грамадзянскіх спраў аб скасаванні шлюбу, 42 з іх задаволены, у 14 выпадках справы былі спынены ў сувязі з прымірэннем бакоў.
32 сям’і ўпершыню скасавалі шлюб, 5 – паўторна, у 5 выпадках у аднаго быў першы, у другога паўторны шлюб.
Найбольшая колькасць разводаў сярод тых, хто пражыў у шлюбе ад 1 да 5 гадоў – 16 выпадкаў. 8 сямей знаходзіліся ў шлюбе ад 6 да 10 гадоў, 7 – ад 21 да 25 гадоў, 4 – ад 11 да 15 гадоў. Не пражылі разам і года тры маладыя сям’і. Былі 3 выпадкі, калі сям’я распалася пасля 30 гадоў сумеснага жыцця, у адным муж і жонка ўжо з’яўляліся пенсіянерамі.
Тое, што з мілым жыццё часта аказваецца не раем, пацвярджае статыстыка. Часцей за ўсё ініцыятарамі скасавання шлюбу з’яўляліся жанчыны (30) і толькі 12 мужчын.
У 21 сям’і, якія распаліся, не было дзяцей. Адно дзіця было ў 14-ці сямей, двое – у 6-ці, у адной сям’і на момант разводу было трое дзяцей.
Заўсёды ёсць прычыны, якія прыводзяць да распаду сям’і. Найбольш частымі ў жыхароў нашага раёна сталі злоўжыванне спіртнымі напіткамі (16), адсутнасць узаемаразумення (8), нявернасць (6), розныя характары і інтарэсы (6), розныя погляды на жыццё (3). Сярод іншых прычын – рэўнасць, фактычная наяўнасць іншай сям’і, недавер.
Я.КЛАЧОК,
кансультант суда Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *