Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – адно з найважнейшых святаў, якое заўсёды збірае разам ушачан. Не стаў выключэннем і гэты год. На ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя святу, сабраліся не толькі былыя ўдзельнікі ваенных ліхалеццяў, але і тыя, хто служыў у арміі ў мірны час, сённяшнія вайскоўцы.
У гэты дзень прадстаўнікі маладзёжнай і ветэранскай арганізацый, працоўныя калектывы гарпасёлка і проста неабыякавыя да агульнанароднага свята людзі сабраліся ля помніка загінуўшым воінам і партызанам, які знаходзіцца ў скверы г.п.Ушачы, каб ускласці вянкі, ушанаваць памяць герояў.
Адбыўся мітынг. Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, выступілі раённы ваенны камісар У.Я.Пальчэх і прадстаўнік моладзі – інспектар па справах непаўналетніх А.А.Бандарэнка.
Да помніка і магіл былі ўскладзены вянкі і кветкі. Ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў вянок усклалі А.А.Кавалёнак і А.В.Пашковіч.
У гэты ж дзень старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў А.В.Рудкоўскі і першы сакратар райкама БРСМ А.Шалак усклалі вянок да пліт на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.
У раённым Доме культуры адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі мастацкай самадзейнасці з Лепельшчыны.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.