Скоро технике на старт

Общество

Не за гарамі пачатак важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі – вясенняй пасяўной. Для таго, каб пачаць яе своечасова, патрэбна не толькі спрыяльнае надвор’е, але і спраўная тэхніка. Сёлета ў раёне плануецца сабраць немалы ўраджай – 56 тысяч тон зерневых. Таму наперадзе напружаная работа, адной са складаючых поспеху якой з’яўляецца стопрацэнтная гатоўнасць машынна-трактарнага парку.
Перад сельскагаспадарчымі арганізацыямі пастаўлена задача да 1 сакавіка поўнасцю падрыхтаваць тэхніку да пасяўной кампаніі 2011 года. З якімі вынікамі гаспадаркі раёна падышлі да ўстаноўленага тэрміну і наколькі яны гатовы да пасяўной, мы вырашылі даведацца, выехаўшы ў некаторыя сельгаспрадпрыемствы разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча М.А.Шуком
.

КУСГП “Глыбачаны” — адна з гаспадарак, дзе актыўна вядзецца падрыхтоўка тэхнікі. Механізатары выстаўляюць яе на лінейку гатоўнасці. Як і ў іншых гаспадарках, затрымка толькі за некаторымі запчасткамі. Прадаўжаецца падрыхтоўка і ў “Арэхаўне”.
У ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” самая вялікая колькасць тэхнікі, адпаведна і фронт работы немалы. Аднак гэта не паўплывала на падрыхтоўку тэхнікі да вясенняга старту. Практычна ўся яна ўжо выстаўлена на лінейку гатоўнасці. Да 1 сакавіка будуць выпраўлены ўсе астатнія недаробкі і тэхніку хоць адразу адпраўляй у поле.   
А вось КУСГП “Дубраўка” зноў пахваліцца няма чым. Напэўна, хлебаробы гаспадаркі яшчэ не прачнуліся і думаюць, што пакуль ляжыць снег, яны могуць адпачыць. Не асвоены выдзеленыя сродкі, на лінейцы гатоўнасці пустата, а на мехдвары зацішша. У некаторых механізатараў, магчыма, і ёсць жаданне папрацаваць, а вось арганізацыі работ, як бачна, ніякай.
Зусім не радасная сітуацыя на льнозаводзе. Калі ў “Дубраўцы” хтосьці і спрабаваў штосьці зрабіць, то тут яшчэ і не прыступалі. Ад зімы прачнуліся, але чакаюць, калі аслабеюць маразы, і патрабаванне падрыхтавацца да пачатку каляндарнай вясны іх, як быццам, і не датычыцца. Некаторая тэхніка і агрэгаты яшчэ хаваюцца пад снегам…  
Што ж у астатніх? Няма праблем у ААТ “Дземенец-Агра” – іх тэхніка ўжо поўнасцю гатова, паспяхова рыхтуюцца ў “Ільюшынскім”. У апошні час актывізаваліся і астатнія, дзе зноў жа не хапала патрэбных запчастак.
Асноўная праблема пры падрыхтоўцы тэхнікі штогод складваецца з шынамі. Адно кола, напрыклад, для МТЗ-80 каштуе каля мільёна рублёў. Адпаведна на энерганасычаныя трактары гэтая сума ўдвайне большая.
Сёлета на рамонт тэхнікі гаспадаркамі раёна ўжо асвоена 160 мільёнаў уласных сродкаў, а таксама 240 мільёнаў, выдзеленых з бюджэту. Яшчэ 130 ужо выдзелена на завяршэнне рамонту. Усе энерганасычаныя трактары прайшлі тэхнічнае абслугоўванне. Дарэчы, механізатары, што працуюць на сучаснай тэхніцы, пабывалі на спецыяльных курсах і таксама гатовы прыступаць да чарговай важнай кампаніі.
На гэтым тыдні агульная гатоўнасць тэхнікі склала 94 працэнты: трактароў – 94, плугоў – 86, пасяўных агрэгатаў і сеялак – 83, культыватараў – 90 працэнтаў.
Гэты год для працаўнікоў гаспадарак, несумненна, будзе складаным, аднак не ўпершыню выязджаюць у поле, а таму з чарговым экзаменам павінны справіцца.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *