Ушацкія вадаёмы круглы год прывабліваюць аматараў актыўнага адпачынку, вось толькі не ўсе яны памятаюць, што ёсць правілы, якія варта выконваць тым, хто прыязджае на прыроду. У прыватнасці, нельга паркаваць аўтамабіль бліжэй за 30 метраў да ўрэзу вады – адпаведнае патрабаванне абазначана і ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь, і ў Правілах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства.
А вось грамадзяне, якія ў адзін з зімовых дзён вырашылі парыбачыць на возеры Звонь, пра гэта, відаць, не думалі. Не захацелі заўважыць і яркую таблічку з папярэджаннем, што яны трапілі на асабліва ахоўваемую прыродную тэрыторыю, якая ўваходзіць у склад заказніка мясцовага значэння. Напэўна, меркавалі, што ісці некалькі дзясяткаў метраў да возера – вялікая напруга, таму спыніліся ўсяго ў трох – прама пад прыгаданай таблічкай. Незаконная паркоўка была зафіксавана на камеру тэлефона, і атрымаць праз райаддзел міліцыі інфармацыю пра гаспадароў машын для прыродаахоўнай інспекцыі не склала ніякіх цяжкасцяў. У выніку да вінаватых была прыменена мера адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе папярэджання, патлумачаны прававыя наступствы паўторнага парушэння – калі яно будзе здзейснена на працягу года, штраф можа скласці да 10 базавых велічынь.
Эколагі рэгулярна праводзяць рэйды па ўсіх вадаёмах, засведчваюць факты парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства і прадстаўнікі сельвыканкамаў, іншых зацікаўленых службаў, таму не здзіўляйцеся, калі вярнуўшыся з уловам да кінутай ля кромкі вады машыны, убачыце пад “дворнікам” павестку з запрашэннем прыбыць у інспекцыю.
М.ШУК, начальнік раённай
інспекцыі прыродных рэсурсаў і
аховы навакольнага асяроддзя.