17 лютага ў актавай зале Ушацкай сярэдняй школы прайшоў фінал раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», у якім прынялі ўдзел 7 настаўнікаў школ і выхавальнікаў дашкольных устаноў. Пра асаблівасці правядзення конкурсу і яго вынікі расказвае загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Ушацкага райвыканкама Алена Уладзіміраўна ФІЛІПЧЫК:
– У адпаведнасці з палажэннем аб конкурсе, педагогі маглі прыняць у ім удзел незалежна ад кваліфікацыйнай катэгорыі і стажу работы. Разам з тым, канкурсанты павінны былі мець высокі ўзровень духоўнасці і ведаў у вобласці педагогікі, псіхалогіі і выкладаемага прадмета, дзейсны вопыт педагагічнай дзейнасці, валодаць сучаснымі методыкамі і тэхналогіямі. Гэтыя патрабаванні ўдзельнікі конкурсу пацвярджалі падчас конкурсных мерапрыемстваў, калі прадстаўлялі прафесійнае партфоліа, праводзілі ўрокі і заняткі ў класах і групах са знаёмым калектывам дзяцей (відэаўрок) і ў класах і групах з незнаёмым калектывам.
У самапрэзентацыі педагогі паказвалі сябе як педагога-прафесіянала і педагога-асобу, выконвалі псіхолага-педагагічны тэст, абаранялі аўтарскую дыдактычную сістэму. Конкурсныя матэрыялы, прадстаўленыя ўдзельнікамі на суд журы, паказалі высокі ўзровень выкладання прадмета, добрую метадычную падрыхтоўку, індывідуальны творчы падыход да адукацыйнага працэсу кожнага педагога. Удзельнікаў фіналу актыўна падтрымлівалі калегі, навучэнцы школ, выхаванцы дашкольных устаноў і іх бацькі.
Конкурс яшчэ раз пераканаў усіх прысутных у тым, што, якія б змены ні адбываліся ў грамадстве і ў сістэме адукацыі, ключавая роля ў ажыццяўленні адукацыйнага працэсу належыць педагогу – адукаванаму, сучаснаму, крэатыўнаму, які любіць дзяцей і сваю працу. І хай не ўсе ўдзельнікі сталі пераможцамі конкурсу, галоўная іх перамога – гэта любоў і давер дзяцей, прызнанне калег і бацькоў.
А пераможцам конкурсу журы прызнала выхавальніка ясляў-сада №2 г.п.Ушачы Алену Венядзіктаўну Грышчанка (дыплом І ступені), лаўрэатамі – настаўніка нямецкай мовы Ільюшынскай СШ Ларысу Уладзіміраўну Шарыпа (дыплом ІІ ступені) і выхавальніка ясляў-сада №26 Наталлю Дзмітрыеўну Арэхва. Дыпломам у намінацыі «Сэрца аддаю дзецям» адзначана выхавальнік ясляў-сада №1 Тамара Уладзіміраўна Малашкевіч, у намінацыі «Педагог-прызванне» – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Арэхаўскай СШ Ларыса Аляксандраўна Булаўка, у намінацыі «Педагог-асоба» – настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ушацкай СШ Алена Васільеўна Ціханава, у намінацыі «Ініцыятыва і творчасць» – настаўнік рускай мовы і літаратуры Вялікадолецкай СШ-дзіцячага сада Ала Пятроўна Клопава. Усе ўдзельнікі адзначаны грашовымі прэміямі, пераможцы ўручана стужка «Настаўнік года – 2011» і памятны сувенір-сімвал.
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.