Залацістыя локаны, піянерскі гальштук на белай блузцы, звонкі голас заклікае раўняцца на вынас сцяга. Такой памятаю старшую піянерважатую Ушацкай школы Ніну Аляксандраўну Васілеўскую са школьных, савецкіх часоў. Такой бачу яе амаль штодня і зараз: заўсёды жвавую, што не ідзе, а ляціць, спяшаецца паспець выканаць свой план-максімум. Са спакойным размераным жыццём пенсіянера яна развіталася, калі пагадзілася ўзначаліць раённую арганізацыю Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Хаця хутчэй наадварот, пагадзілася, бо не для яе гэта: спакойнае і размеранае.
“Варта было б напісаць пра юбіляра, ардэнаносца. Як мы лепш павіншуем чалавека!” З такімі словамі Ніна Аляксандраўна звяртаецца ў рэдакцыю кожны месяц. Маючы спісы ўсіх заслужаных ветэранаў працы, сама не забываецца падключыць раённыя ўлады, адміністрацыі арганізацый, у якіх яны працавалі, каб завітаць да чалавека з прэзентамі, якія нярэдка набывае і за ўласны кошт. “Рабіць людзям радасць для мяне намнога прыемней, чым самой атрымліваць падарункі. Гэта і ёсць сапраўдны – калі бачу, што дапамаглі пажылому чалавеку”. А аднойчы завітала да нас са слязамі на вачах: “Бабуля прапісана ў дзяцей, ехаць да іх не хоча, а сама ўжо не спраўляецца”. І не супакоілася, пакуль не адшукала родных, не падключыла сацыяльныя службы раёна. Неабыякавасць – яе асноўная рыса ў адносінах як да людзей, так і да даручанай справы.
Зараз, напрыклад, з дзіцячым захапленнем расказвала, якія шыкоўныя работы адшукала сярод сваіх актывістаў для выставы на юбілейнае мерапрыемства ветэранскай арганізацыі. Падняла на ногі ўсіх, але знайшла фотаздымак першага старшыні гэтага грамадскага аб’яднання.
Як сучаснаму кіраўніку ў зносінах з людзьмі ёй дапамагае мабільны тэлефон. Карыстаецца гаджэтам не толькі для размоў: звязваецца з наведвальнікамі гуртка “Здаровая хада”, які яна вядзе як валанцёр, паведамляе пра навіны праз спецыяльна створаную ў сацыяльных сетках групу, дзеліцца фотаздымкамі з розных мерапрыемстваў. На іх бадзёрыя пенсіянеры са скандынаўскімі палкамі, у гасцях у глыбоцкіх калег, на занятках клуба “Імпульс”, ля Сафійскага сабора… Дарэчы, экскурсаводаў ніколі не заказваюць. Н.А.Васілеўская сама становіцца ім, напярэдадні перагартаўшы не адну старонку літаратуры, каб расказаць пра славутасці, да якіх завіталі. А падарожнічаюць яны часта і ахвотна, прычым заўсёды робяць праграму максімальна насычанай: экскурсіі, як правіла, заканчваюцца наведваннем тэатра ці канцэрта.
Ніна Аляксандраўна амаль не развітваецца са сваім прафесійным “Ніканам” – якім ловіць цудоўныя кадры заранкаў, яе любімых руж і ўшацкіх краявідаў. Яна ўхітраецца кожны дзень рабіць для сябе адкрыццём. Як заўзяты кветкавод на дачы ў родным Ільюшыне вырошчвае мноства відаў і сартоў, тры разы на тыдні наведваецца на заняткі створанага ёй спартыўнага клуба “Імпульс”.
“Не губляць аптымізму мне дапамагло яшчэ адно маё захапленне – сабакі. Люблю вялікіх і кожны дзень на працягу 16 гадоў па дзве гадзіны гуляла са сваім пітбулем. З ім я сустракала непаўторныя дзіўныя світанкі – жыла тады ў Падмаскоўі. Дзякуючы яму і зараз бадзёрая, прывыкла хутка хадзіць”, – расказвае Ніна Аляксандраўна пра час сваіх працяглых вандровак за межамі Беларусі. Два разы яна жыла ў Калінінградзе – паехала да роднай цёткі, дзе і атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Пасля чатырох год працы піянерважатай ва Ушацкай школе зноў пераехала туды ўжо з сям’ёй. “Калі ішла ўладкоўвацца ў аддзел адукацыі, сустрэла ўшачанку Жанну Шалак, якая працавала першым сакратаром райкама камсамола. Уяўляеце, за тысячы кіламетраў ад дому. Яна запрасіла мяне на пасаду інструктара. Аднак цёці не стала, цягнула на радзіму, дзе мяне прызначылі дырэктарам Ушацкага Дома піянераў”. Мела Ніна Аляксандраўна і грамадскую нагрузку – узначальвала партыйную арганізацыю работнікаў адукацыі і паралельна выкладала ў Жарскай, Глыбацкай, Ленінскай школах. А потым стала набіраць пачаткоўцаў ва Ушацкай. Была першапраходцам эксперыментальнай методыкі “Першы крок”. Дарэчы, у гэты час, у 2001 годзе, яе прозвішча заносілася на раённую Дошку гонару. Такое ж прызнанне, толькі ўжо за грамадскую дзейнасць у ветэранскай арганізацыі, атрымала яна і ў 2021-м.
“Настаўнік ува мне жыве і зараз. Гэта дакладна мая прафесія. Аднак так атрымалася, што сустрэла дарагога мне чалавека і 17 год правяла ў Падмаскоўі. Але і там, акрамя таго што займалася арганізацыяй дастаўкі абедаў па ўстановах – бізнес мужа, вучыла рускай мове замежных грамадзян з былога Саюза”.
Прафесія дапамагае ёй лёгка шукаць кантакт з унукамі, якіх у Ніны Аляксандраўны пяцёра. А вось статус прабабкі з ёй зусім не вяжацца. Праўда, і маленькая Машуля відаць адчувае яе маладую душу і называе проста “Ніначкай”.
Вольга КАРАЛЕНКА.