В ОАО «Маяк-Ушачский» провели осмотр техники к проведению весенних полевых работ

Сельское хозяйство

Забяспечыць гатоўнасць не менш 95 працэнтаў тэхнікі сель­гасарганізацый для правядзення вясенніх палявых работ да 25 сакавіка – менавіта такая задача была пастаўлена напачатку года ў пастанове Савета Міністраў краіны. Для яе вырашэння райвыканкамам быў зацвер­джаны графік правядзення тэхагляду ў гаспадарках. І першымі падрыхтаваныя да работы трактары і прычэпы выставілі для праверкі аграрыі “Маяка-Ушацкага”.

Ужо ў мінулую сераду на мехдвары прадпрыемства чакалі візіту камісіі – як вядома, стан тэхнікі ацэньваюць спецыялісты дзяржтэхнагляда, райсельгасхарча і дзяржаўтаінспекцыі. Усяго ў спіс на тэхагляд у гаспадарцы ўключана 29 адзінак, у гэты ж дзень было выстаўлена каля паловы. Ля кожнага трактара – замацаваны механізатар. Тэхагляд для работнікаў – своеасаблівы экзамен: камісія скрупулёзна правярае наяўнасць усіх патрэбных дакументаў, адпаведнасць серыйных нумароў, спраўнасць рулявой і тармазной сістэм, светлавога абсталявання, укамплектаванасць усім неабходным і, канечне, знешні выгляд трактароў. Зрэшты, асаблівага хвалявання гэтай раніцай не праяўляў ніводны з механізатараў. І зусім не было для яго падстаў у Сяргея Аўдошкі, Дзмітрыя Прашкевіча, Артура Карабаня і Міхаіла Сталыгі – іх “Беларусы” папоўнілі парк гаспадаркі толькі летась.

– МТЗ 12.21 – тэхніка ўніверсальная, з запасам магутнасці, які дазваляе выкарыстоўваць шыроказахопныя прылады, – характарызуе давераны яму трактар Дзмітрый. – У мінулым сезоне папрацаваў і на ўзворванні, і з чызелем, і на корманарыхтоўцы, а зараз ужо хочацца хутчэй зноў выйсці ў поле.

А вось МТЗ 82.1 Віктара Маковіча ўжо 17-ты год шчыруе на палетках, але па яго знешнім выглядзе пра гэта ніяк не скажаш. Мінулым летам, праўда, “ветэран” даў збой, але вярнуўся ў строй з адрамантаваным рухавіком і зноў працягвае сваё працоўнае жыццё.

– Мне прапаноўвалі перасесці на новы трактар, але я адмовіўся на карысць маладых калег, – зазначае вопытны механізатар. – З унясеннем арганікі, прасаваннем саломы і іншымі працэсамі, якія мне даручаюць, спраўляюся і на гэтай тэхніцы, а зараз усё адрэгуляваў, пафарбаваў (для гэтага нават спецыяльна выйшаў з адпачынку) – і без праблем прайшоў тэхагляд!

Не ўзнікла значных пытанняў і наконт стану іншых адзінак, а асобныя заўважаныя хібы работнікі выпраўлялі прама на месцы: нехта замяніў лямпачку на габарытах, хтосьці аператыўна адрэгуляваў тармазную сістэму ў “Амкадоры”. У выніку і механізатары, і камісія, і галоўны інжынер гаспадаркі Дзмітрый Ладзік пакідалі мехдвор у добрым настроі: уся выстаўленая на лінейку тэхніка атрымала дазвол на выхад у поле.

– Хочацца падзякаваць кіраўніцтву і работнікам “Маяка-Ушацкага” за якасную падрыхтоўку, за разуменне, што ад стану тэхнікі напрамую залежыць паспяховы старт пасяўной, – рэзюмаваў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Сяргей Мікалаевіч Качан.

На працягу месяца камісія будзе выязджаць і ў іншыя сельгаспрадпрыемствы, аднак іх кіраўніцтва папрасіла вылучыць крыху больш часу на падрыхтоўку да тэхагляду.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *