В Ушачах прошел концерт, посвященный Дню женщин

Общество

Канцэрт да 8 Сакавіка заўсёды выклікае цікавасць у гледачоў, бо яны ведаюць, што ўбачаць на галоўнай сцэне раёна толькі самыя лепшыя нумары.

Вядома ж, у зале ў гэты дзень пераважную большасць крэслаў займаюць жанчыны – і менавіта ім адрасаваў цёплыя віншавальныя словы старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Ён зазначыў, што ўсё лепшае ў свеце створана ў імя жанчыны, падзякаваў прадстаўніцам прыгожай паловы за таленавітых дзяцей, бязмежную любоў і цярплівасць. “Жанчыны нашага раёна працуюць на кіруючых пасадах, маюць поспехі ў прадпрымальніцтве, вырашаюць пытанні дзяржаўнага і мясцовага значэння, з’яўляюцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі розных сфер… Упэўнены, што кожная з вас заслугоўвае самых высокіх званняў і пахвал. Але галоўнае, каб вы адчувалі любоў і ўвагу родных, падтрымку і павагу свайго калектыву – і не толькі ў святы, але і ў будні”, – падкрэсліў кіраўнік раёна.

Традыцыйна ладзіць канцэртную праграму культработнікам дапамагаюць вучні і педагогі дзіцячай школы мастацтваў. Ужо ў фае лірычны настрой стварала выстава работ выхаванцаў мастацкага аддзялення, і асабліва кранальнымі былі партрэты матуль, магчыма, не зусім дасканалыя, але вельмі шчырыя і пяшчотныя.

Авацыямі сустрэлі гледачы выступленні ўзорнага аркестра народных інструментаў і дзіцячага хору, юных спевакоў і танцораў эстраднага і харэаграфічнага аддзяленняў. А калі ў фінале на сцэну выйшаў народны квартэт “Натхненне”, дзяўчаткі з першага рада не ўтрымаліся ў крэслах і кінуліся ў скокі. Пасля ж канцэрта дзве юныя сяброўкі Лізаветы нам ахвотна патлумачылі, што яны вельмі любяць танцаваць, таму займаюцца не толькі ў першым класе агульнаадукацыйнай школы, а і ходзяць на харэаграфію. Не хавалі задаволеных эмоцый ад канцэрту і іх бабулі Антаніна Пятроўна Ляўшова і Тамара Сцяпанаўна Захарэнка: “Хочам выказаць падзяку ўсім, хто падрыхтаваў для нас такі цудоўны святочны падарунак!” Ну а на памяць пра гэтую падзею можна было зрабіць здымак у спецыяльнай фотазоне, якую абсталявалі работнікі раённай бібліятэкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *