Калі Надзея Іванаўна Клындзюк віншуе з днямі нараджэння членаў Кубліцкай ветэранскай арганізацыі, “завісае” на тэлефоне надоўга. Успамінамі абавязкова вяртаюцца ў маладосць – часы станаўлення саўгаса “Кублічы”, у які сама старшыня ветэранскай пярвічкі прыйшла ў 1965 годзе, а звольнілася ў 1997-ым, з іх чвэрць веку адпрацавала галоўным бухгалтарам.
Пасля заканчэння тэхнікума судзілавіцкая дзяўчына павінна была трапіць у Лепельскі раён. Але паколькі прыглянулася падчас гадавой практыкі ў толькі што створанай гаспадарцы (у 1963-м “Кублічы” вылучылі са складу “Вялікадолецкага”), тагачасны дырэктар дабіўся яе пераразмеркавання. Спачатку замяняла калег, практычна равесніц, якія былі ў дэкрэтным адпачынку, а хутка стала і намеснікам галоўнага бухгалтара. “Памятаю справаздачу за 1971 год, у саўгасе тады працавала 1370 чалавек, 45 машын, 60 трактароў, расцілі па дзве тысячы галоў як буйной рагатай жывёлы, так і свіней, прагадвае Надзея Іванаўна. Невялікія фермы былі ў кожнай вёсцы, а пазней будавалі вялікія тыпавыя ў Кляпцах, Чарапоўшчыне, Судзілавічах, Забалацці. Ды і ў памяшканне былой заставы адміністрацыя пераехала пасля яе рэканструкцыі з невялікага дома толькі ў 1969-1970 гадах”.
Добрая памяць вылучае розныя дробязі. Самым “правальным” у гэтым плане заўсёды заставаўся студзень, калі ўсёй бухгалтэрыяй сядзелі за гадавымі справаздачамі. Прыгадвае, як часта любіў прыязджаць да іх з праверкамі адзін спецыяліст з райсельгасхарча. “Ведаю, што ў вас дакладна ўсе лічбы адшукаю”, – жартаваў.
Але здаралася, калі кантору зачынялі поўнасцю. Спецыялісты гаспадаркі разам з усімі працавалі ў паляводстве, рыхтавалі на балаціне ці ў лугах уручную сена, капалі бульбу і церабілі лён. Ды і асабістая гаспадарка ў кожнага была вялікая. Хоць і можна было ў савецкія часы без праблем выпісаць у саўгасе “капеечную” свініну ці ялавічыну, усе жылі са свайго: Клындзюкі таксама трымалі і дзве каровы, і некалькі парсюкоў.
За кім сачыць дакладна не хапала часу, дык гэта за дзецьмі. А Надзея Іванаўна, як дарэчы, і многія работнікі бухгалтэрыі саўгаса – мнагадзетная маці. І вельмі шчаслівая – Бог дараваў ёй трох дачок-памочніц. Дзве з іх сталі настаўнікамі, а адна абрала матчыну прафесію. Сямейную дынастыю бухгалтараў працягвае і адна з унучак. З імі Надзея Іванаўна дзялілася сваімі захапленнямі вязаннем і вышыўкай. А вось кветкаводства, як і наогул упрыгожанне бацькоўскага дома, у свае рукі ўзяло маладое пакаленне. Дочкі вязуць расаду і насенне розных цікавых сартоў, даглядаюць іх.
Сама ж Надзея Іванаўна падымае ветэранаў на добраўпарадкаванне агульных месцаў аграгарадка, праводзяць у апошні шлях калег. Зараз у ветэранскай арганізацыі 140 чалавек. І многія з іх у студзені тэлефанавалі Надзеі Іванаўне з асаблівай нагоды – каб павіншаваць з 80-гадовым юбілеем.
Вольга КАРАЛЕНКА.