На календары – пачатак вясны, і ўсё больш прадстаўніц прыгожай паловы задумваецца над тым, як пасля зімовага “расслаблення” прывесці сябе ў форму, умацаваць здароўе, ды і настрой карыснымі трэніроўкамі ўзняць. Ушачанкам у гэтым сэнсе пашанцавала: пад бокам – сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс і шэраг самых розных прапаноў. У ліку найбольш запатрабаваных – фітнес-заняткі, узроўню правядзення якіх пазайздросцяць многія гарадскія разрэкламаваныя цэнтры.
“Ужо больш чатырох гадоў практыкуем пілатэс і зумбу, – расказвае кіраўнік такіх секцый Юлія Казак (на здымку ў цэнтры). – Сустракаемся звычайна двойчы на тыдзень: па аўторках і чацвяргах. Пры гэтым актыўная танцавальная трэніроўка пачынаецца ў 20.00, павольная і глыбокая – у 19.00. Праграма апошняй мяняецца: чаргуем пілатэс і міафасцыяльны рэліз з кардыё-сілавой трэніроўкай і стэп-аэробікай. Такім чынам можна выбраць заняткі як у больш зручны для сябе час, так і з улікам патрэбнай фізнагрузкі”.
Дарэчы, заўзятых прыхільніц фітнес-накірункаў рознага ўзросту нямала. Напрыклад, Наталля Пузатка пасля выхаду на заслужаны адпачынак акрамя пілатэсу ўключыла ў праграму асабістай трэніроўкі таксама басейн. Сваячніцы ж Святлана і Таццяна Васілеўскія так распланоўваюць свой час, што паспяваюць пасля работы і вячэрніх дамашніх спраў прыехаць у спарткомлекс са Строктаў.
◆ З нагоды Міжнароднага дня жанчын фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы” запрашае мілых дам правесці час у кампаніі аднадумцаў. У панядзелак, 7 сакавіка, будзе магчымасць бясплатна пазнаёміцца з усімі відамі фітнес-трэніровак, якія тут праводзяцца. Пачатак мерапрыемства – у 11.00, уваход свабодны. Адзіная ўмова – папярэдняя рэгістрацыя па тэлефоне (+37533) 307-24-99 (Юлія). З сабой варта мець зменны абутак і ваду.
Тыя ж, хто не хоча ці па нейкіх прычынах не можа займацца ў групе, з восені 2021-га робяць гэта ў індывідуальным парадку. “З кожнай жанчынай папярэдне абгаворваем усе нюансы, – тлумачыць Ю.Казак. – Даю рэкамендацыі па правільным харчаванні, бо ад яго залежыць ажно 70 працэнтаў поспеху пахудання”. Праводзяцца такія заняткі звычайна ў дзённы час. Гэта зручна для жанчын, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку ці водпуску, працуюць пазменна. Узрост значэння не мае: з сямі цяперашніх “індывідуалістак” самай малодшай – крыху за 20, старэйшай – далёка за 50. Дарэчы, можна аб’ядноўвацца і ў “дуэты” – прыходзіць на трэніроўкі, скажам, з сястрой. “Даведалася пра такую магчымасць ад майстра па манікюры Сняжаны Грыневіч, якая сама наведвае такія заняткі, – падзялілася ўшачанка Марыя Ядрэўская. – Угаварыла скласці мне кампанію сваю сяброўку, набылі абанемент – і ўжо са снежня “працуем над сабой” па зручным графіку. Хачу падзякаваць Юліі Казак за выдатныя заняткі! Яна выкладаецца на ўсе сто, улічвае нюансы нашага самаадчування і нават настрой”.
Вышэйшы бал і трэнеру, і “Юнацтву” ў цэлым ставяць не толькі жыхаркі нашага раёна. Групавыя фітнес-заняткі наведвалі нядаўна прадстаўніцы Мінска, Масквы, якія гасцілі на Ушаччыне ў блізкіх, індывідуальныя – Дубліна (Ірландыя). Усе яны прыемна здзіўляліся нізкаму кошту паслуг (напрыклад, абанемент на 8 заняткаў у групе – 24,40, індывідуальны – 40) і ў той жа час надзвычай высокаму ўзроўню арганізацыі працэсу. Зрабіць заняткі максімальна карыснымі і камфортнымі дапамагаюць спартыўныя прылады: спецыяльныя дыванкі, гантэлі, стэп-платформы, фітболы, фітнес-валікі.
Дарэчы, пакуль матулі па серадах з 18.00 да 19.00 з карысцю бавяць час у трэнажорнай зале ці басейне, Ю.Казак займаецца з малышамі ва ўзросце 4-6 гадоў зумбай-кідс.
“Кожны раз пасля пілатэсу адчуваю моцны прыліў сіл, – падзялілася з намі Святлана Васілеўская. – Радуюць паступовае павелічэнне нагрузак і практыкаванні, карысныя для жаночага здароўя. Насамрэч, вельмі добра, што ў нас ёсць магчымасць займацца сабой. А рабіць гэта ў прасторнай, светлай зале комплексу прыемней удвая”. “Зумба дазваляе развіваць каардынацыю, рухавасць, – далучаецца да размовы Юлія Гаўрылюк. – Тут мы адпачываем душой, забываючыся пра асабістыя праблемы. Бадзёрая музыка, прыемныя зносіны – што яшчэ патрэбна для добрага настрою?”
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.