Выяўленне таленавітай моладзі ў нашым раёне ажыццяўляецца праз розныя формы работы. Гэта шматлікія конкурсы, фестывалі, дзе ў кожнага ёсць магчымасць самарэалізавацца, раскрыць сябе.
Традыцыйным стаў конкурс маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”. Сёлета ён зноў прайшоў на сцэне раённага Дома культуры і праводзіўся па дзвюх намінацыях: саліст-вакаліст і дуэт. Канкурсантам было прапанавана выканаць дзве песні, адна з якіх — грамадзянска-патрыятычная, другая – шлягер.
У конкурсе прымала ўдзел моладзь ад 14 да 31 года, журы неабходна было ацаніць 10 выступленняў.
Сярод многіх песень, якія ўжо добра знаёмы ўсім, набылі асаблівае гучанне і заваявалі цёплую падтрымку гледачоў “Кацюша”, “Журавы”, “Дзеці вайны”, “Афганістан”.
Журы конкурсу адзначыла высокі ўзровень выканаўчага і сцэнічнага майстэрства ўдзельнікаў, а таму вызначыць самых лепшых было не так і проста.
Пераможцам конкурсу стала Алёна Усцін, якая выступала за Кубліцкі сельскі клуб. Другое месца прысуджана Анжэле Бездзель, трэцяе раздзялілі Аксана Бабаедава і Фёдар Федзянін. Прыз за лепшае выкананне патрыятычнай песні атрымала Кацярына Шабанава. А адзіны дуэт конкурсу Алёна Усцін і Віталь Хадасевіч атрымаў прыз сімпатый гледачоў. Тыя, хто не заняў прызавыя месцы, адзначаны за ўдзел у конкурсе. Усе выканаўцы ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі аддзела райвыканкама па справах моладзі.
У фае Дома культуры спецыяльна да названага мерапрыемства была прадстаўлена выстава маладых творцаў нашага раёна. В.ПОЛАЗАВА