Для Аляксандра і Таццяны Бандарэнка з райцэнтра сёлетні Дзень міліцыі – у многім асаблівы, можна сказаць, сямейны. Калі мужчына ў праваахоўных органах ужо больш дзясятка гадоў, то яго жонка – усяго некалькі тыдняў. Затое іх дзецям – дзевяцігадовай Алісе і дашкольніку Арцёму – цяпер дакладна раздолле: можна і форму бацькоў прымерыць, і цікавыя аповеды пра службу ад абаіх паслухаць. Хто ведае, магчыма, дынастыя праваахоўнікаў падрастае.
Дарэчы, шлях у прафесію і для Аляксандра Аляксандравіча, і для Таццяны Валер’еўны пачынаўся з педагогікі. Так, ураджэнец вёскі Цётча пасля заканчэння 9 класаў Вяркудскай школы нечакана для многіх вырашыў паступаць у Полацкі педкаледж, дзе выбраў спецыяльнасць “беларуская мова і літаратура, пачатковыя класы”. Вось толькі папрацаваць па ёй не атрымалася: на малой радзіме, куды вярнуўся пасля заканчэння ўстановы, такой вакансіі не аказалася – стаў настаўнікам фізічнай культуры ў Жарскай базавай школе.
– Усё, што адбываецца ў нашым жыцці, – дакладна да лепшага, – упэўнены А.Бандарэнка. – Прадмет аказаўся яшчэ больш па душы! Патрэбная ж фізічная падрыхтоўка была: усё дзяцінства, можна сказаць, прайшло на вуліцы – на футбольным полі, за рухомымі гульнямі.
Але ж затрымаўся Аляксандр у Жарах нядоўга – ужо праз паўгода атрымаў павестку і пайшоў служыць у 103-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію. Калі ж дэмабілізаваўся, зноў стаў фізруком, але ўжо ў Глыбачанскай школе. Дарэчы, тут і пазнаёміўся з Таццянай, якая яшчэ вучылася. Аднак пра тое, што іх сяброўства праз колькі часу перарасце ў сур’ёзныя пачуцці, сям’ю, падумаць не маглі.
Пакуль жа А.Бандарэнка завочна вучыўся на фізкультурным факультэце ВДУ імя П.Машэрава, выкладаў прадмет, браў на сябе і дадатковую нагрузку – з’яўляўся, напрыклад, грамадскім паручыцелем за падлеткам, у біяграфіі якога мелася ўжо нямала правапарушэнняў. Такія зносіны прыносілі плён – Аляксандр Аляксандравіч з цікаўнасцю “адпрацоўваў” на юным хулігане розныя педагагічныя прыёмы, той жа трымаў сябе ў руках.
Напэўна таму ў 2010 годзе не змог адмовіцца А.А.Бандарэнка ад прапановы заняць вакансію інспектара па справах непаўналетніх ва Ушацкім РАУС. Яго прынцыповасць, адказны падыход да справы, ды і праходжанне курсаў перападрыхтоўкі ў Акадэміі МУС дазволілі накіраваць на шлях выпраўлення не адзін дзясятак “няпростых” юнакоў і дзяўчат. Годна спраўляўся і з абавязкамі на іншых пасадах – быў оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, начальнікам ізалятара часовага ўтрымання, старшым оперупаўнаважаным і начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку. Са жніўня ж 2021-га з’яўляецца намеснікам начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі.
З дзяцінства марыла пра педагогіку і Таццяна, ураджэнка Глыбачкі. Таму пасля заканчэння мясцовай школы паступіла на фізіка-матэматычны факультэт ВДУ імя П.Машэрава. Калі вучылася на 4 курсе, атрымала ад Аляксандра прапанову рукі і сэрца. Яе прыняла, чым гарантавала сабе ў тым ліку вяртанне на малую радзіму. Прафесійную дзейнасць пачынала ў Арэхаўскай школе. Як прызнаецца, любіла гэтую справу, лёгка знаходзіла кантакт з вучнямі, іх бацькамі, калегамі. Але ж інфармацыя, што ў райаддзеле міліцыі ёсць вакансія старшага інспектара групы па грамадзянстве і міграцыі не давала спакою. Муж не адгаворваў. Так, пасля пройдзеных медаглядаў, праверак, адмысловых курсаў Таццяна стала праваахоўнікам. У яе падначаленні зараз двое спецыялістаў.
Нягледзячы на тое, што кабінеты Аляксандра Аляксандравіча і Таццяны Валер’еўны размешчаны па суседстве, у рабочы час яны практычна не перасякаюцца: розныя падраздзяленні, розны род дзейнасці. Службовыя ж справы абмяркоўваюць дома. Так, Таццяна можа папрасіць парады ў вопытнага праваахоўніка-мужа. Прыслухоўваецца да яе меркавання і Аляксандр: часам з уласцівай жанчынам вынаходлівасцю жонка прапануе нестандартны падыход да вырашэння якой-небудзь канфліктнай сітуацыі.
Нямала ў Бандарэнкаў сямейных традыцый. На выхадныя любяць ездзіць да блізкіх у вёску, вечарамі ж збіраюцца за вялікім сталом, дзе цёпла абмяркоўваюць справы самых маленькіх. Сябруюць усе і са спортам – пачэснае месца ў кватэры займае сучасны трэнажор. Наперадзе – мноства планаў. Калі жыццё складваецца так, як хочацца – ёсць любімая работа і дарагі надзейны чалавек побач – усё пад сілу!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.