У жыцці ўшацкага ветэрана Васіля Маркіянавіча Клопава было шмат значных падзей і свят, але з цягам часу самымі дарагімі сталі Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці краіны. Ён радуецца поспехам і ўладкаванасці сваёй дачкі, якая жыве ў Мінску, унукаў. Значыць, недарэмна ён у свае дваццаць гадоў глядзеў смерці ў вочы, перамагаў боль і холад, хаваў сяброў, з гарачым юнацкім адчаем ішоў у бой за светлы і мірны сённяшні дзень.
Усё менш тых, хто памятае, якія выпрабаванні выпалі на долю Беларусі ў гады змагання з фашызмам. Гэтая памяць і не дае старыцца душы Васіля Маркіянавіча Клопава, заклікае перадаць нашчадкам досвед чалавека, які абараняў Радзіму, быў цяжка паранены, кантужаны, але захаваў веру ў высокае чалавечае прызначэнне. А гэтая вера ох як дорага каштуе!
— Добра я помню той дзень, калі вайна пачалася, — уздыхнуў, цалкам аддаўшыся ўспамінам, былы салдат. – Да вайны я паспеў закончыць Ушацкую вячэрнюю дзесяцігодку, працаваў у райфінаддзеле. У 1940-м быў прызваны на службу ў армію. Тады і не здагадваўся, што працягнецца яна аж да чэрвеня 1944-га.
Не, нельга забыць тыя дні, няхай сабе і мінула ўжо амаль семдзесят гадоў. У многіх аперацыях удзельнічаў Васіль Маркіянавіч, праяўляючы кемлівасць і мужнасць. Амаль адразу ён апынуўся ў цэнтры баявых дзеянняў. У складзе Кіеўскай ваеннай акругі абараняў заходнюю мяжу – Львоў. Галоўнымі задачамі артылерыстаў з’яўлялася падрыхтоўка да наступленняў, планаванне абстрэлаў, разбурэнне абароны праціўніка. Як успамінае ветэран, нашы снарады – вельмі моцныя, па 100 кілаграмаў вагі – даляталі да 15 кіламетраў і амаль не пакідалі шанцу на выжыванне фашыстам. Аднак нашы войскі таксама не былі гатовыя да вайны. Часта прыходзілася ісці ў бой толькі з ручной стрэльбай…
В.М.Клопаў спаўна паспытаў пакут ваеннага ліхалецця. Удзельнічаў у абароне Кіева, Харкава, Каўказа. Менавіта на Каўказе, на мяжы з Іранам, чакаўся выхад нямецкіх войск, а таму асаблівая ўвага была сканцэнтравана на гэтым напрамку. Успамінае ветэран і пра абарону Сталінграда. Гэта, па яго словах, была самая складаная баявая задача, з якой, на шчасце, удалося справіцца. Васіль Маркіянавіч удзельнічаў таксама ў вызваленні Кракава, Прагі. На заваяваных рубяжах салдаты ўздымалі сцягі і ішлі ўпарта, топчучы ботамі вайну. Наперад, да Перамогі!
Пасля дэмабілізацыі В.М.Клопаў вярнуўся на Ушаччыну. Родныя мясціны чакалі сваіх вызваліцеляў. Ажаніўся. Доўгі час – з 1947-га па 1962-і – працаваў сакратаром Ушацкага райвыканкама, а пасля ліквідацыі раёна стаў гадзіннікавым майстрам. Разам з узнагародамі за ратны подзвіг – ордэнам Айчыннай вайны, медалямі “За абарону Каўказа”, “За абарону Кіева”, “За абарону Чэхаславакіі”, “За баявыя заслугі”, знакам “Ветэран вайны” захоўваюцца ў сямейным архіве і працоўныя ўзнагароды.
Столькі часу прайшло, а ваенныя эпізоды не знікаюць з памяці. Цяжкі лёс дастаўся ветэрану. Яму выпадала быць у цэнтры самых складаных аперацый (!!!) і застацца жывым. Пад шчаслівай зоркай нарадзіўся, шмат зрабіў у сваім жыцці, рэалізаваў сябе не толькі ў ваенных справах, але і ў сям’і, у працоўнай кар’еры. І зараз не губляе аптымізму, удзельнічае ў многіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, выпісвае шэраг перыядычных выданняў, з якіх “чэрпае” інфармацыю. Адзінае, напэўна, што выклікае сум у В.М.Клопава, – гэта тое, што амаль не засталося ў яго блізкіх і сяброў: яны знайшлі вечны спачын на могілках.
Слухаю аповеды ветэрана і адчуваю вялікі гонар за земляка. Дзякуючы такім людзям, як Васіль Маркіянавіч, мы атрымалі магчымасць радавацца сонцу, жыць пад мірным небам, гадаваць дзяцей.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.