Калі жывеш побач з чалавекам не першы год, бясконца сустракаешся, прывыкаеш, то ўсе яго якасці ўспрымаеш як адзінае цэлае, яны губляюць свае канкрэтныя рысы. А вось новаму жыхару яны бачны асабліва ярка. Так адбылося і ў дадзеным выпадку. У рэдакцыю пазваніла Мая Іванаўна Сакалова. У Глыбачку яна пераехала не так даўно. І вось з такім уздымам расказала пра загадчыцу мясцовай аптэкі, што захацелася наведацца ў гэту вёску, каб напісаць пра “чулую, уважлівую да людзей, якая ніколі не адмовіць у дапамозе”.
У гэты марозны дзень Глыбачка жыла сваім няспешным жыццём. Праехала грузавая машына. Дзве аднавяскоўкі, ідучы з магазіна, не хацелі развітвацца ля сваіх дамоў, размаўлялі. Людзі гэтыя жывуць сваімі радасцямі і бедамі, падумалася мне. І найперш кожны хвалюецца аб здароўі. Тут без аптэкі не абысціся.
У пакоі, куды за некалькі дзён да гэтага пераехала аптэка, будаўнікі папрацавалі. Усё акуратна, прыгожа. Праўда, яўна губляўся выгляд з-за адсутнасці святла. “Вось-вось зробяць”, – гаварыла загадчыца аптэкі Ірына Пятроўна Пабойкіна.
Першае, што адзначыла для сябе пры размове з гэтай жанчынай, – незвычайная абаяльнасць. Весці з ёю гутарку вельмі прыемна. Захацелася даведацца пра Ірыну Пятроўну больш. Паразмаўлялі.
Яна трапіла ў Глыбачку па накіраванні пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага вучылішча. Быў 1984 год. Вёска, як гаворыць мая субяседніца, “грымела”: нямала было моладзі, прыкметна развівалася сельская гаспадарка, сацыяльная сфера. Паступова ўсё пайшло ў заняпад. Сёння ў Глыбачцы ідуць па сутнасці аднаўленчыя работы. У межах аграгарадка зноў жылы выгляд набываюць самыя неабходныя сацыяльныя аб’екты. Адсюль – пераезды сельскіх устаноў. Вось і аптэка…
– Месца ў новым памяшканні хапае, – гаворыць Ірына Пятроўна, – усё абсталявана як след. Мясцовыя жыхары маюць магчымасць набыць каля 500 найменняў лекавых прэпаратаў.
Безумоўна, аптэчныя ўстановы таксама маюць свае лічбавыя заданні па рэалізацыі таго, што прапануецца наведвальніку. І з гэтым тут усё добра, расказала да маёй паездкі ў Глыбачку загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Ірына Мікалаеўна Жынь. Зразумела, самы пік пакупніцкай актыўнасці наведвальнікаў якраз зімой, калі павялічваецца колькасць прастудных захворванняў, расказала Ірына Пятроўна, але ў любы час ім прапануюцца прэпараты па прафілактыцы, умацаванні імунітэту, а таксама травы, якія маюцца ў аптэцы, ёсць і спадарожныя тавары.
У рабоце аптэкара важнае значэнне мае, канечне, яго адукаванасць, прафесійная дасведчанасць. А калі яшчэ ведае людзей…
– Мае наведвальнікі заўсёды ўпэўнены, што прапаную ім патрэбнае, нават калі звернуцца, скажам, са словамі “дайце што-небудзь ад сэрца”, або “мне ружовенькія ад ціску”, бо добра знаёма з праблемамі кожнага.
Яна сапраўды за чвэрць стагоддзя, што жыве ў Глыбачцы, лічыць яе роднай. Гатова сама прыйсці на дапамогу і ёй таксама робяць дабро. Наогул тут свядомых людзей нямала. Вось вадзіцель мясцовай сельскай бальніцы І.П.Прыходзька, дастаўляючы патрэбнае з райбальніцы, заязджае ў раённую аптэку, калі трэба ўзяць лекі для такой жа сельскай установы.
І не верыцца Ірыне Пятроўне, што два з паловай дзесяткі гадоў прайшло ўжо з таго часу, калі стварыла сям’ю з мясцовым хлопцам, які працаваў у гаспадарцы. У Глыбачцы нарадзіліся іх двое дзяцей. Сын заняты ў патрульна-паставой службе ў Полацку. Дачка вучыцца там жа ў педагагічным каледжы. Ёсць у Ірыны Пятроўны і яе сям’і сябры. Наладжаны і быт, і праца.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: І.П.Пабойкіна.