Семейные ценности — приоритет белорусского общества. Какие нововведения ждут многодетные семьи в 2022 году?

Общество

Сямейныя каштоўнасці – прыярытэт беларускага грамадства. Таму цалкам заканамерна, што ў праекце новай Канстытуцыі асаблівая ўвага нададзена падтрымцы гэтага сацыяльнага інстытуту. Парадаваў многіх і Указ Прэзідэнта №389, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2022-га і пашырыў напрамкі датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу. Прычым, распаўсюдзіў сваё дзеянне дакумент як на праграмы з 2015 па 2019 гады, так і з 2020 па 2024. Пра новаўвядзенні, якія чакаюць мнагадзетныя сем’і, расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама, начальнік аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Вікторыя Станіславаўна ГУГІНА.

Паляпшэнне жыллёвых умоў

Дадаткова да тых магчымасцяў, якія ўжо меліся ў заканадаўстве, мнагадзетная сям’я зараз можа датэрмінова расходаваць сродкі сямейнага капіталу на набыццё долі (доляй) жылога памяшкання, але з умовай: пасля такой здзелкі яна павінна стаць уласнікам усяго дома ці кватэры. Такая мера актуальная пры раздзеле маёмасці. Таксама мнагадзетныя бацькі могуць пагашаць пазыкі, атрыманыя па месцы працы на паляпшэнне жыллёвых умоў; разлічыцца з запазычанасцямі па крэдытах, выдадзеных банкамі па дагаворах аб пераводзе доўгу, аб прыёме запазычанасці. Важны момант: датэрмінова выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу магчыма толькі ў тым выпадку, калі сям’я ці яе член знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў ці знаходзіліся на такім уліку на дату заключэння крэдытнага дагавора, дагавора пазыкі.

Цяпер пры ўсынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей мужа ці жонкі права на прызначэнне сямейнага капіталу сям’і не даецца. Такая дзяржаўная падтрымка прадугледжана пры ўсынаўленні (удачарэнні) дзяцей-сірот.

Каб сем’і больш узважана падыходзілі да пытання выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, не злоўжывалі дзяржпадтрымкай, Указам уведзены некаторыя абмежаванні. Так, пры згодзе на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, долі (доляй) у праве ўласнасці на іх плошчай менш устаноўленых нарматываў (для Мінска – менш за 10 квадратных метраў на аднаго чалавека, для астатніх рэгіёнаў – менш за 15) бацькі павінны пагадзіцца на зняцце з уліку маючых патрэбу (пры гэтым за імі захоўваецца права паўторнага звароту па пытанні пастаноўкі на ўлік пры нараджэнні яшчэ аднаго дзіцяці). Акрамя таго, жылыя памяшканні, пабудаваныя або набытыя за кошт сродкаў сямейнага капіталу, цяпер нельга прадаваць, дарыць, мяняць на працягу пяці гадоў з даты рэгістрацыі права ўласнасці. Гэта магчыма толькі ў тых выпадках, калі жыллё знаходзіцца ў закладзе (іпатэцы) у адпаведнасці з заканадаўствам або дагаворам аб закладзе, а таксама з дазволу мясцовых органаў улады пры пераездзе ў іншую мясцовасць, скасаванні шлюбу, смерці ўласніка, іншых выключных выпадках.

Памер сямейнага капіталу з 1 студзеня 2022 года вырас у параўнанні з леташнім паказчыкам на 9,5 працэнта і склаў 25 тысяч 995 рублёў. На ўзгаданую дату на датэрміновае распараджэнне такімі сродкамі ў краіне пададзена 48 тысяч 981 заява. У тым ліку на паляпшэнне жыллёвых умоў – 42622, на атрыманне адукацыі – 2897, медыцынскіх паслуг – 3462. Станоўчае рашэнне прынята ў 46 тысячах 898 выпадках.

Адначасова ўведзена абавязковая ацэнка кошту жылых памяшканняў, якія набываюццпа. Гэтая мера дазволіць выключыць выпадкі завышэння кошту квадратных метраў пры заключэнні дагавораў куплі-продажу. Забаронена таксама набываць жыллё, уключанае ў пералік старых і пустуючых дамоў.

Адукацыя

Датэрмінова выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу цяпер можна не толькі ў дзяржаўных установах адукацыі. Указ дазволіў накіраваць іх на атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўстановах спажывецкай кааперацыі і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў. Да іх адносяцца, напрыклад, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі і Міжнародны ўніверсітэт “МИТСО”.

Медыцына

Можна набыць таксама медыцынскія вырабы (за выключэннем тых, якія прадугледжаны бясплатна згодна з рэспубліканскім фармулярам) пры правядзенні складаных і высокатэхналагічных умяшальніцтваў і ў артапедыі (дагэтуль – толькі ў кардыя- і нейрахірургіі, анкалогіі). Прычым, зрабіць гэта – у любой установе аховы здароўя, у тым ліку прыватнай. Для гэтага спатрэбіцца заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай медустановы.

Указам улічаныя інтарэсы мнагадзетных сямей, у якіх ёсць інваліды з парушэннямі органаў зроку і апорна-рухальнага апарату. Мамы і таты для сябе і сваіх дзяцей могуць набываць тавары для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства: тактыльныя дысплеі і прынтэры Брайля, пад’ёмнікі, функцыянальныя ложкі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *