Ушачане жалуются на почтовое обслуживание. Ситуацию комментирует замначальника Полоцкого РУПС О.Н.Закревская

Общество

Апошні тыдзень ад жыхароў гарпасёлка паступала шмат нараканняў на паштовае абслугоўванне – газеты не прыносяць увогуле ці дастаўляюць праз тыдзень, калі іх ужо не цікава чытаць. Каб трапіць у аддзяленне сувязі, трэба адстаяць далёка не адну гадзіну ў чарзе. Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі намесніка начальніка Полацкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Вольгу Мікалаеўну Закрэўскую:

– Справа ў тым, што на работу аддзялення паштовай сувязі Ушачы-1 у апошнія два тыдні паўплывала эпідэмічная сітуацыя: практычна ўвесь калектыў захварэў і аказаўся на бальнічным – з пяці задзейнічаных па гарпасёлку паштальёнаў застаўся адзін, непасрэдна ў аддзяленні працаваў толькі адзін аператар. Давялося скарачаць нават работу аддзялення на адну гадзіну. Каб вырашыць праблему, былі задзейнічаны работнікі з шасці ўнутрыраённых маршрутаў: вярнуўшыся з аб’езду, увечары яны накіроўваліся па гарпасёлку, каб даставіць пенсіі, карэспандэнцыю, газеты. Не выключаю, што ў сілу таго, што працавалі не на сваіх участках, маглі дзесьці памыліцца ў дастаўцы газет. Калі вы не атрымалі перыёдыку, можна звярнуцца па тэлефонах: 5-72-73, 5-76-35.

У цяперашні час сітуацыя стабілізуецца, да працоўных абавязкаў вярнуліся 2 паштальёны. А вось аддзяленне ўжо працуе ў звыклым рэжыме – з 9 да 18 гадзін. Пытанне знаходзіцца на кантролі ў Полацкім рэгіянальным вузле паштовай сувязі. Прыносім ушачанам прабачэнне за часовыя нязручнасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *