Як свавольствы могуць ператварыцца ў праблему, на ўласным горкім вопыце ведаюць асобныя ўшачане, якія разглядаліся на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Адных прывяло сюды здзейсненае сынам ці дачкой злачынства, іншым хапіла і знаходжання падлетка па-за межамі дома ў забаронены час без суправаджэння дарослых. Пра актуальныя праблемы, што датычацца падрастаючага пакалення, наша сённяшняя гутарка са старшынёй прыгаданай камісіі А.В.ПАШКОВІЧ:
– Алена Васільеўна, якая сітуацыя назіралася летась з падлеткавай злачыннасцю?
– Работа дзяржаўных органаў, арганізацый раёна па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін сярод школьнікаў Ушаччыны прыносіць плён – на працягу чатырох апошніх гадоў непаўналетнімі злачынствы не здзяйсняліся. Пераступаюць жа мяжу закону звычайна навучэнцы іншых навучальных устаноў. Так, у 2021 годзе наш зямляк 2004 года нараджэння, трэцякурснік Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці выкраў з чужога падворка ў аграгарадку Арэхаўна самаробны трактарны прычэп. І гэта адзіны выпадак зарэгістраванага летась злачынства з удзелам непаўналетняга (у 2020-м было 2).
– А што з адміністрацыйнымі правапарушэннямі?
– У 2021-м на пасяджэннях камісіі іх разгледжана значна менш: 7 супраць 25, што былі годам раней, у тым ліку сярод школьнікаў: 4 супраць 7. Гэта факты дробнага хуліганства, парушэння Правілаў дарожнага руху, а таксама невыканання дарослымі бацькоўскіх абавязкаў, у прыватнасці, незабеспячэнне суправаджэння непаўналетняга ў начны час. Дзеянні, якія ўтрымліваюць прыкметы правапарушэння, дапусцілі і трое непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Так, вучні Ушацкай школы 2010 і 2012 гадоў нараджэння “засвяціліся” на наўмысным прычыненні цялесных пашкоджанняў, знішчэнні чужой маёмасці і дробным крадзяжы. Адзначу, што ўсе гэтыя правапарушэнні здзейснены падчас школьных канікул, у пазаўрочны час, калі адказнасць за дзяцей нясуць бацькі.
– Ці існуе ў раёне праблема п’янства сярод непаўналетніх?
– Каардынацыя сумеснай работы па прафілактыцы п’янства сярод навучэнцаў школ раёна дазволіла летась не дапусціць здзейсненых імі “алкагольных” правапарушэнняў. На пачатак 2022 года падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ва ўрача-нарколага Ушацкай райбальніцы, не было.
Але не ўсё так бязвоблачна, як можа падацца на першы погляд. Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у 2021-м выяўлена 15 фактаў спажывання спіртных напояў 10 непаўналетнімі, навучэнцамі каледжаў і ліцэяў, якія прыязджалі на Ушаччыну на канікулы ці выхадныя. Пратаколы для разгляду накіраваны ў камісіі па месцы іх вучобы, пераважна ў Віцебск, Бешанковічы, Лепель, Полацк.
У большасці падобных выпадкаў былі вінаваты дарослыя. За ўцягненне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны складзена сем адміністрацыйных пратаколаў, за продаж алкаголю адзначанай катэгорыі – адзін. Як паказвае практыка, нярэдка ўзяць у рукі чарку юнакоў і дзяўчат “натхняе” негатыўны прыклад блізкіх. На 1 студзеня 2022 года на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзілася 36 бацькоў непаўналетніх, трое з іх стацыянарна пралечаны ў Лепелі, шасцёра прайшлі псіхакадзіраванне ў Полацку.
– Ці былі факты гібелі дзяцей ад знешніх прычын?
– На вялікі жаль, так – летам патануў хлопчык 2009 года нараджэння. Гэты факт быў разгледжаны на пасяджэнні камісіі з прыняццем дадатковых прафілактычных мер, якія датычацца бяспекі малых на вадаёмах. У ліку ж станоўчага назаву адсутнасць суіцыдаў і парасуіцыдаў сярод непаўналетніх, а таксама змяншэнне ўзроўню дзіцячага траўматызму: за 2021 год пашкоджанні атрымалі 42 хлопчыкі і дзяўчынкі (у 2020-м – 51).
– Сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія, часам трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча. Якія на гэта ёсць прычыны?
– Найбольш распаўсюджанымі застаюцца амаральны лад жыцця бацькоў, ігнараванне імі патрэб дзяцей, неналежнае выкананне абавязкаў па выхаванні. І тут сваю лепту традыцыйна ўносіць “зялёны змій”. Дастаткова часта непаўналетнія вымушаны пражываць у нядобранадзейных умовах, у сітуацыі канфлікту паміж бацькамі, што таксама становіцца прычынай пастаноўкі сям’і на ўлік. На пачатак 2022-га ў раёне 64 хлопчыкі і дзяўчынкі з 29 сямей знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прычым, 26 з іх за час дзеяння Дэкрэта №18 аказаліся тут не ў першы раз.
– Калі мамы і таты не бяруцца за розум, камісіяй вырашаецца пытанне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне…
– Так, за 2021 год з трох сямей былі вымушаны забраць пяцёра непаўналетніх. У выніку праведзенай прафілактычнай работы сямёра (з улікам забраных у 2020-м) вернуты ў біялагічныя сем’і, бацькі ў якіх паспяхова прайшлі рэабілітацыю. Трое дзяцей з дзвюх сямей атрымалі статус сірот у сувязі з пазбаўленнем іх матуль і татаў бацькоўскіх правоў. Дарэчы, такіх фактаў у апошнія гады становіцца менш.
Каб пазітыўных зрухаў было больш, неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх зацікаўленых службаў, дастукацца да сумлення бацькоў. У гэтым накірунку працягваем актыўна працаваць.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.