У прайшоўшыя выхадныя на возеры Шэвіна ў Віцебскім раёне прайшлі спаборніцтвы па падлёднай лоўлі рыбы сярод каманд ляснога комплексу вобласці. Паспрабаваць удачу адправіліся і ўшачане.
Гонар нашага лясгаса адстойвалі заўзятыя аматары рыбалкі Сяргей Шамук, Мікалай Бункевіч, Андрэй Бойчанка, Андрэй Смаргун (на здымках). Трэба сказаць, што надвор’е гэтымі днямі было не вельмі лагодным, але дзякуючы майстэрству і ўпартасці многія змаглі злавіць як маленькія, так і вялікія экзэмпляры. Так, абсалютным чэмпіёнам у асабістым заліку стаў С.Шамук. Многія пазайздросцілі вылаўленаму ім немалому шчупаку. У цэлым даволі важкім аказаўся ўвесь улоў ушацкай каманды, які пацягнуў на другое месца. Пераможцы атрымалі не толькі зарад бадзёрасці і станоўчыя эмоцыі, а і падарункі, якія ўручыў генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання Ю.Заблоцкі.
Вольга КАМАРКОВА.