Воевал в афганском небе и вернулся домой живым. Наш земляк Владимир Юркевич — отважный летчик, которым гордится Ушаччина

Общество

З’яўленню гэтага артыкула ў нашай газеце папярэднічаў цэлы ланцужок абставін, паспрыялі дапытлівыя і спагадлівыя людзі. Пачалося ж усё з выставы, аформленай у раённай бібліятэцы да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Разглядаючы здымкі загінуўшых у Афганістане лётчыкаў Міхаіла Хрыпача і Аляксандра Клачка, наведвальнік установы Анатоль Талапілаў прыгадаў яшчэ аднаго нашага земляка – Уладзіміра Юркевіча, які таксама адважна ваяваў у афганскім небе і якому пашчасціла вярнуцца дадому жывым. І хоць вандроўнае жыццё ваеннага лётчыка аддаліла яго ад малой радзімы, мы можам ганарыцца, что наша зямля дала свету такога дастойнага чалавека.

Ёсць кантакт!

Бібліёграфа Галіну Талстую зацікавіў гэты расказ, і яна вырашыла адшукаць больш інфармацыі пра нашага земляка. У Афганістан Уладзімір адпраўляўся з ваеннай часці на Брэстчыне, і ў пошуку звестак Галіне Пятроўне дапамагла калега з Пружанскай бібліятэкі Юлія Лаўраш, якая знайшла ў краязнаўчай картатэцы друкаваныя матэрыялы пра У.Юркевіча. Ахвотна падзяліліся інфармацыяй старшыні Бярозаўскай і Пружанскай раённых арганізацый “Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” Анатоль Іванавіч Бінюк і Валерый Мікалаевіч Гарахавіцкі, якія добра ведаюць нашага земляка. Падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Валянцінавіч Юркевіч пражывае зараз у вёсцы Новыя Засімавічы Пружанскага раёна, і тэлефанаванне з малой радзімы, канечне, было для яго сюрпрызам. Але, як падалося, прыемным, бо мужчына аказаўся добразычлівым субяседнікам. А яшчэ шчыра прызнаўся, што хоць ужо і знесены іх стары дом у Завячэллі, але калі праязджае зрэдку па полацкай шашы і бачыць указальнік з назвай роднай вёскі – сціскаецца сэрца.

Пра нашага земляка расказваецца ў кнігах “Мы не вправе забыть” і «На линии огня», дзе сабраны ўспаміны ўдзельнікаў Афганскай вайны.

Па вясковых вуліцах

Валодзя з’явіўся на свет у 1954 годзе. У той час пра неба марылі многія хлопчыкі, а ён з дзяцінства мэтанакіравана ішоў да гэтага, старанна вучыўся – спачатку ў мясцовай васьмігодцы, потым у Мосарскай школе. Сярод трох братоў ён быў старэйшы, таму меў шмат абавязкаў па гаспадарцы. Як і ўсе падлеткі, любіў футбол і ганяў па вёсцы на матацыкле. На ім іншы раз падвозіў сваю маму да яе маленькіх пацыентаў – у той час у Завячэллі была бальніца, дзе яна працавала патранажнай медсястрой, немаўлят жа ў навакольных вёсках мелася багата. І менавіта гэтая вясковая вуліца праз 15 год забярэ ў яго матулю: спяшаючыся на аўтобус, каб не спазніцца на работу ў райбальніцу, яна трагічна загіне пад коламі машыны…

Але ў далёкім 1971-м жыццё здавалася 17-гадоваму Валодзю ўзнёслым і бясхмарным. Пасля школы ён паступіў у прэстыжнае Чарнігаўскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў імя Ленінскага Камсамола. Вучоба давалася лёгка, і курсанта Юркевіча вылучалі як аднаго з самых здольных.

“Пачуюць гук, а нас ужо не бачна”

Пасля вучылішча яго накіравалі ў Прыморскі край, потым перавялі ў Чэхію, у 1982-м Уладзімір вярнуўся ў Беларусь, а праз год трапіў у Афганістан у якасці камандзіра звяна знішчальнікаў МіГ-21біс. Іх авіяцыйны полк базіраваўся ў Баграме. Яго задачай было патруляванне паветранай мяжы з Пакістанам і Іранам, а яшчэ лётчыкі дапамагалі наземным сілам. У асноўным Уладзімір знішчаў аб’екты, што выяўляла разведка: высакагорныя “гнёзды”, з якіх маджахеды абстрэльвалі дарогу, апорныя базы са складамі зброі ў кішлаках. МіГ-21 – самалёт маленькі, грузападымальнасцю ўсяго ў адну тону. Да яго падвешвалі некалькі бомбаў ці снарадаў, і каб яны дакладна траплялі ў цэль, лётчыкам звычайна даводзілася ўваходзіць у пікіраванне.

Даручалі звяну знішчальнікаў і разведвальныя палёты над пустыняй. “Самалёт імчыцца на брыючым, хуткасць каля тысячы кіламетраў у гадзіну, вышыня – 80-100 метраў… Тыя, хто ўнізе, як правіла, не бачаць знішчальніка і не паспяваюць нічога зразумець: толькі іх даганяе роў рухавіка, як самалёт ужо далёка спераду. Таму ў пустыні мы не баяліся ні перасоўных зенітна-ракетных комплексаў, ні кулямётаў. Разведка была вельмі эфектыўнай: засячом вярблюдаў з цюкамі ці аўтакалону, забіваем каардынаты, інфармуем разведорганы – і тут жа ў раён ляцяць на паляванне верталёты Мі-24 або сакрэтны караван перахоплівае наш спецназ”, – прыгадваў Уладзімір Валянцінавіч.

Пружанскі раён страціў на Афганскай вайне 12 сваіх жыхароў. У райцэнтры ў памяць загінуўшых воінаў створаны мемарыял, у аснове якога – баявы верталёт, а ў гарадскім Доме культуры адкрыты пакой баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Але ж без страт на вайне не абыходзілася. За час яго службы ў палку былі збіты два самалёты, але, на шчасце, лётчыкам удалося катапультавацца і іх выратавалі. Асабліва небяспечнымі для МіГаў былі буйнакаліберныя кулямёты ДШК, з якіх іх звяно часта абстрэльвалі ў вузкіх горных цяснінах, дзе немагчыма манеўраваць. Уладзімір неаднойчы бачыў, як працягваюцца наперарэз пункціры куль – адчуванне жудаснае, але да ўсяго прывыкаеш.

У беларускім небе

Лёс жа да яго аказаўся літасцівы: адслужыўшы прызначаны тэрмін, наш зямляк вярнуўся ў Беларусь.

За паспяховае выкананне заданняў капітан Юркевіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”. Дарэчы, у 1985-м яму давялося зноў вярнуцца ў горную краіну: разам з калегамі з пружанскага палка Уладзімір пераганяў у Кабул добра яму знаёмыя МіГі-21, якія СССР перадаў афганскай арміі.

А ў авіяцыйным палку ў Новых Засімавічах, дзе ён працягнуў службу, пілоты ўжо асвойвалі яшчэ больш сучасную тэхніку – штурмавік СУ-25. Гэта мадэль была прызнана вельмі эфектыўнай і дагэтуль выкарыстоўваецца ў арміях многіх краін. Уладзімір прызнаецца, што для яго ніколі не было праблемай авалодаць новай машынай. А вось на прапанову прыгадаць які-небудзь экстрэмальны выпадак у небе, калі давялося пусціць у ход усё майстэрства пілота, ён шчыра ўсміхаецца: “Такіх у маёй кар’еры не было, так што захапляльнымі сюжэтамі не парадую! У добрага лётчыка ўвогуле не павінна быць такіх гісторый, бо “прыгоды” ў небе – вынік дрэннай падрыхтоўкі да палёту, недакладнага выканання інструкцый, я ж стараўся такога не дапускаць. Гэтаму найперш вучыў і маладых лётчыкаў”.

Вайсковую службу Уладзімір Валянцінавіч скончыў у 1993-м на пасадзе камандзіра эскадрыллі. Жыць разам з жонкай яны засталіся ў ваенным гарадку. У мінулыя гады нярэдка бываў на Ушаччыне, заўсёды заязджаў да брата Аляксандра ў Арэхаўна, калі накіроўваўся ў Віцебск у “афганскі” рэабілітацыйны цэнтр. Непадалёк, у Наваполацку, жыве і малодшы брат Фёдар. Але апошнімі гадамі з-за эпідэмічных абставін падарожжы давялося абмежаваць. А таму Уладзімір Валянцінавіч скарыстаўся нагодай, каб перадаць прывітанне родным і знаёмым, павіншаваць усіх землякоў з Днём абаронцаў Айчыны. А на пытанне, ці пайшоў бы зноў вучыцца на лётчыка, каб можна было “адкруціць” гады назад, адказаў: “Безумоўна! Хіба ёсць на зямлі яшчэ адна такая прафесія – надзвычай важная і самая рамантычная!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *