22 лютага у краіне стартавала датэрміновае галасаванне на рэферэндуме. Законнай магчымасцю выказаць сваё волевыяўленне да асноўнага дня важнейшай грамадска-палітычнай кампаніі скарысталіся многія ўшачане.
На ўчастку для галасавання №1, размешчаным у будынку раённага выканаўчага камітэта і адметным адной з самых вялікіх у раёне колькасцю галасуючых, першы бюлетэнь апусціўся на дно празрыстай урны ўжо праз дзве хвіліны ад пачатку работы камісіі, а праз гадзіну прагаласавалі ўжо больш за 20 чалавек. Святлана Сабіна (на здымку), напрыклад, вырашыла вызваліць сабе такім чынам выхадныя, каб правесці іх з блізкімі.
– З выбарам вызначылася даўно, неаднаразова праштудзіраваўшы праект новай Канстытуцыі, дык навошта цягнуць?! – зазначыла ўшачанка. – Да таго ж участак знаходзіцца па суседстве з маім рабочым месцам – лёгка адлучыцца і выканаць свой грамадзянскі доўг.
Практыка паказвае, што многія галасуюць такім чынам, паколькі ў асноўны дзень рэферэндуму будуць заняты на службе ці дзяжурстве, плануюць выезд за межы раёна ці проста не любяць вялікага збору людзей (дарэчы, ва ўмовах няпростай эпідабстаноўкі гэта вельмі актуальна!). Больш магчымасцяў дае датэрміновае галасаванне і грамадзянам, якія па нейкіх прычынах не паспелі азнаёміцца з прапанаванымі змяненнямі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Для гэтага на ўчастках ёсць адпаведная інфармацыя – можна спакойна ўсё вывучыць і вызначыцца з выбарам. Прычыны могуць быць розныя, агучваць іх пры атрыманні бюлетэня не трэба.
Датэрміновае галасаванне не ажыццяўляецца па месцы знаходжання грамадзян, а праводзіцца толькі ў памяшканнях участковых камісій, якія да суботы, 26 лютага, уключна будуць працаваць з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзін, а ў асноўны дзень рэферэндуму – з 8.00 да 20.00. Нагадаем, што кожны ўдзельнік рэферэндуму галасуе асабіста, бюлетэнь выдаецца пры прад’яўленні пашпарту, ідэнтыфікацыйнай карты ці іншага дакумента, які пацвярджае асобу.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.