Абарона персанальных даных, клопат аб уласным здароўі, патрыятычнае выхаванне. Гэтыя і іншыя палажэнні, уключаныя ў праект Канстытуцыі, абмеркавалі 16 лютага на дыялогавай пляцоўцы ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. Прайшло мерапрыемства з удзелам члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Віцебскай вобласці, дэпутата Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання, начальніка рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” А.В.Жынгеля.
Сенатар адзначыў, што сучаснае развіццё грамадства цягне за сабой неабходнасць змяненняў Асноўнага закона краіны, якія будуць накіраваны на захаванне міру і парадку, сацыяльнай арыентаванасці рыначнай эканомікі. Падкрэсліў таксама, што даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі, адукацыі будуць заставацца ў прыярытэце дзяржавы.
Алег Валянцінавіч звярнуў увагу на тое, чаму ў праект Канстытуцыі ўключаны палажэнні аб узмацненні абароны гістарычнай праўды, статусе Усебеларускага народнага сходу як органа, які забяспечвае дадатковую абарону суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы і інш. Адказаў і на пытанні ўшацкіх медыкаў. У прыватнасці, падзяліўся сваім бачаннем неабходнасці ўнясення ў праект Асноўнага закона артыкула 45, які мае на ўвазе абавязак грамадзян прымаць меры па захаванні і ўмацаванні свайго здароўя. Акцэнтаваў увагу на магчымых варыянтах паляпшэння якасці аказання медыцынскай дапамогі ў краіне, выхавання сямейных каштоўнасцяў. Расказаў і пра перспектывы работы “Белаграпрамбанка”, на абслугоўванні якога знаходзіцца райбальніца, спыніўся на некаторых прывабных магчымасцях для кліентаў.
Старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта С.С.Садоўскі падзякаваў госцю за цікавы даклад, прысутным – за тое, што ў няпросты эпідэмічны перыяд знайшлі магчымасць сабрацца, абмеркаваць важнейшую падзею, якая мае адбыцца ў нашай краіне 27 лютага. Нагадаў Сяргей Сяргеевіч і пра магчымасць аддаць свой голас загадзя – ужо з бліжэйшага аўторка.
Прынятае на рэферэндуме рашэнне, выказаў упэўненасць А.В.Жынгель, акажа істотны ўплыў на жыццё наша і будучых пакаленняў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.