«Входить в образ я люблю больше всего». Наталья Рудёнок 37 лет посвятила работе в Матыринском Доме культуры, радуя весёлыми мероприятиями

Общество

Плячыстая дзяўчына сядзіць пад елкай і млява жуе піражкі, запіваючы малаком. “Жаніха падавай!” – крычыць яна Дзеду Марозу… Колькі год мінула, як у Матырынскім Доме культуры на Новы год ставілі “Марозку”, а Наталлі Андрэеўне Рудзёнак аднавяскоўцы да гэтага часу прыгадваюць яе Марфушаньку. Я ж і не бачыўшы, яскрава ўяўляю былога дырэктара культустановы ў гэтым сакавітым вобразе, а вось Бабай Ягой – не. І тут Наталля Андрэеўна пачынае выдаваць гукі – нават не словы, а дзіўнае крахтанне – і вось яна, жывая Яга, нават без парыка і гарбатага носу. Імгненнае пераўвасабленне.

Н.Рудзёнак (у цэнтры) на абрадзе “Зажынкі”.

– Уваходзіць у вобраз, імітаваць я люблю больш за ўсё, – усміхаецца суразмоўца. – У апошнія гады працы хацела сабе замену на Ягу адшукаць, хлопцам-наведвальнікам кажу, давайце я вас навучу, а яны мне: “Цёця Наташа, хіба ж гэтаму навучыш, Вы слова скажаце – і ўжо Баба Яга”. На адкрыцці “Прарыву” пасля рэканструкцыі я грала мясцовую жанчыну, якая праносіць у атрад ежу: выбягала з кустоў з кульком, хаваючыся ад магчымага ворага. Толькі прабегла, наступная дэлегацыя гасцей ідзе, для іх паўтараю. Гляджу, а наш куратар М.А.Шаўчэнка смяецца да слёз. “Бегла, быццам сапраўды на вуліцы 1941-ы”, – патлумачыла потым. Роляў многа, але ўсё ж я комік. За Варону вунь гадзіннік вісіць – прыз глядацкіх сімпатый, займала і другое месца на абласным конкурсе гульнявых праграм. Сцэнарыі прыдумваць, разынку шукаць – люблю. У пачатку кар’еры мы з гарманістам Сашам Дунцом і яшчэ двума хлопцамі, што спявалі пад гітару, віншавалі з Днём нараджэння кожнага жывёлавода. На сходы калгаса збіралі і прывозілі людзей пад музыку. А з Галінай Сяргееўнай Рудзёнак 25 год разам адпрацавалі, не дзялілі на тваё і маё. І ніколі не падыходзілі да справы фармальна. Кожны Новы Год для нас ускладнялася задача – чым жа сёлета здзівіць, бо глядач ужо спешчаны. І прыемна, што нават прыезджыя гараджане, трапіўшы ў клуб, здзіўляліся, як у нас цікава. У школе вялікі перапынак – мы самі да дзяцей бяжым, каб яшчэ парэпеціраваць. Прыпеўкі ці знаходзілі, ці самі прыдумвалі, з якімі на мноства свят выходзілі. Памятаю, 9 мая спяваю на раённай пляцоўцы. У перапынак зазірнула ў машыну “хуткай дапамогі”, што побач стаяла, ціск памерыць – 190. Укол зрабілі, і зноў на сцэну. Далёка не заўсёды і настрой ёсць народ весяліць, але сваіх праблем я ніколі не паказвала, а дзякуючы рабоце абавязкова станавілася лягчэй”.

Ціск, дарэчы, у Наталлі Андрэеўны падняўся і падчас нашай размовы, бо яна зноў перажыла ўсе прыгаданыя моманты. Як бегла з Салонца ў Матарына, а людзі ўжо чакалі ля клуба – збіралася раней шмат, зала на 220 месцаў заўсёды была запоўнена. Як вымушана была перавесціся з народнага аддзялення культасветвучылішча на рэжысёрскае, бо падчас аварыі моцна паламала руку і не змагла граць на інструментах. Як на розыгрыш прызоў на “Купалле” з калгаса выдзелілі парсюка, а ён схаваўся ў хляве – цэлай брыгадай выкурвалі. “А колькі смешных гісторый звязана з матырынскімі галасістымі кабетамі, з якімі палову Беларусі аб’ездзілі, – прыгадвае Наталля Андрэеўна. – Памятаю, вось-вось заслона адкрыецца, а яны горача дыскуціруюць… Сэрца ў пяткі апусцілася, бабулі ж, абарваўшы на паўслове палеміку, ужо цягнуць сваю калядную партыю. Кур’ёз адбыўся, калі Галіна Сяргееўна Рудзёнак іграла Салоху, а я Чорта. Вылезці з-пад стала я павінна была пасля адпаведных яе слоў. Яна іх сказала, паўзу цягне, выкручвае па другім разе. А я не магу паказацца – кроў з носу пайшла, так мне падалося, а гэта самаробны налеплены нос нагрэўся і пацёк. Цікавага шмат, толькі адміністрацыйныя функцыі адцягвалі ад творчасці: то з кацельняй праблемы, то буянаў уціхамірваеш, а ў 90-х гадах быў час, што баялася ісці дыскатэкі праводзіць – пакуль міліцыя не злавіла полацкую банду, якая ўстройвала тут пагромы”.

37 гадоў на адным месцы адпрацавала Н.А.Рудзёнак. Але калі гэта месца ТВАЁ – то не стамляе, не надакучвае. А яно дакладна яе. Літаральна для ўсіх равеснікаў у шматколькасным у сямідзясятыя гады Салонцы яна арганізоўвала дні нараджэнні. Яшчэ малой школьніцай без сарамлівасці спявала песню пра любоў. Пасталеўшы, асвоіла гармонік і грала на провадах ці іншых святах. А вось марыла дзяўчынкай Наташа стаць, як ні дзіўна, паштальёнам. Летуценніца па натуры, яна ўяўляла, як ідзе доўгай дарогай, нясе людзям радасць і мроіць… Месца ж дырэктара Матырынскага клуба адшукала яе само. Пасада вызвалілася, калі яна скончыла дзесяцігодку. Бацька-франтавік на той час ужо памёр, маці на пенсію не вывучыць, таму яна спалучала вучобу з работай. Не малой была і ўласная гаспадарка, калі зажываліся ў выдзеленым калгасам “Прагрэс” доме. Дарэчы, падчас адных з “Дажынак” тагачасны старшыня Ала Уладзіміраўна Саковіч папрасіла дзяўчыну правесці іх цікава. Абраду з уручэннем толькі што зжатага снапа тады яшчэ не было, і Наталля абышла мясцовых жанчын, якія ведалі, як гэта рабілася раней. Яны і “бараду” пакінулі, і сноп прыгожы пад абрадавыя спевы звязалі. Памятае і сваё першае мерапрыемства – вечар сустрэчы ветэранаў – з іх аповедамі, песнямі, франтавымі ста грамамі. Усе дзякавалі, а яе шчаслівыя думкі пра ўдалы дэбют спыніла пытанне, якім будзе чарговае мерапрыемства. Так, у клубе яно адно за адным. Самыя розныя, ад забаўляльных да сур’ёзных, напрыклад, пра ўрочышчы і знакавыя месцы наваколля, сцэнарый да якога Наталля Андрэеўна пісала ўжо на пенсіі.

У вёсцы ўсе адзін аднаго ведаюць, ну а ў Матырыне нават малыя дзеці пакажуць дом “цёці Бабы Ягі”. На хатку на курыных лапках ён зусім не падобны. У кроку ад клуба, акуратны, дагледжаны, летам патанае ў кветках. “Вы ж не падумайце, што я ўсё жыццё толькі спяваю. З другога класа маме кароў дапамагала даіць, любую работу ведаю”, – смяецца Наталля Андрэеўна. Яна сапраўды выдатная гаспадыня, а сакрэтамі па кулінарыі, агародніцтве і зараз дзеліцца на пасяджэннях клуба “Надзея”, хоць ужо і не вядзе яго. А нядаўна заўзятая пявуння зноў узяла ў рукі гармонік, падбірае ці прыгадвае пасля 40-гадовага перапынку любімыя песні. Больш для сябе. Яна была і застаецца летуценнікам, гарэзлівай дзяўчынкай.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *