Працаваць на апераджэнне, не толькі ўскрываць негатыўныя з’явы, праблемы, хвалюючыя людзей, але і прапаноўваць шляхі вырашэння, даваць іх на старонках газет, наогул быць ў гушчыні падзей. Такія задачы пастаўлены на выніковай калегіі ўпраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама перад начальнікамі аддзелаў ідэалагічнай работы райвыканкамаў і рэдактарамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А.І.Кліцуноў зазначыў, што сістэма “улада – людзі” павінна працаваць дакладна і бездакорна, толькі тады будзе ўзрастаць давер людзей да ўлады, а сама ўлада пры прыняцці рашэнняў будзе кіравацца меркаваннямі людзей. Наш раён быў адзначаны ў ліку пяці лепшых за творчы падыход ідэолагаў у рабоце з людзьмі. Намеснік старшыні аблвыканкама Л.Л.Кавалёў заклікаў яшчэ больш ўвагі ўдзяляць моладзі, падбору кадраў, стварэнню рэзерву. Параіў пацікавіцца, як склаўся лёс прадстаўнікоў раёна, якія трапілі ў банк даных таленавітай моладзі.
Міністр інфармацыі А.В.Праляскоўскі ахарактарызаваў работу калегіі як самую прадукцыйную, прадметную і плённую. Ён адзначыў, што з 44 дзяржаўных друкаваных СМІ, якія выйшлі на самаакупнасць – 11 – з Віцебскай вобласці, а гарадская газета “Віцьбічы” мае самы вялікі тыраж за ўсе абласныя выданні краіны. Разавы тыраж раённых газет роўны тыражу рэспубліканскіх выданняў, іх атрымлівае мільён падпісчыкаў і “раёнкі” па-ранейшаму займаюць лідзіруючае месца ў фарміраванні грамадскай думкі.
Калі год таму палова раённых газет наогул не мела сайтаў, то зараз размова вялася пра іх развіццё і якаснае напаўненне, у перспектыве – павелічэнне палоснасці і пераход на каляровасць. Прыемная навіна для газет, якія выпускаюцца ў Наваполацкай друкарні, сёлета павінна быць праведзена мадэрнізацыя. Будзем спадзявацца, што нашы чытачы ўжо ў гэтым годзе атрымаюць каляровы “Патрыёт”.
В.КАРАЛЕНКА.