В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

Традыцыйны агульны здымак ля памятнага знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў мы робім 15 лютага штогод. І калі праглядзець усе фота апошняга дзесяцігоддзя – на першы погляд можа падацца, што яны амаль аднолькавыя… Але самі воіны з горыччу вызначаць адрозненні. Здымак 2013-га – тут яшчэ з імі Валодзя Клопаў – праз паўгода яго не стане… У 2015-м упершыню не будзе на агульным фота Валерыя Ляхоўскага. 2018-ты: крайні злева – Рашыдавіч, як паважліва называлі хлопцы Мікалая Джураева – яго нябёсы забяруць летам наступнага года. На жаль, паменеў і сёлетні строй: ужо не сфатаграфуецца з сябрамі Аляксандр Есаулкаў, які год таму сам аб’язджаў могілкі афганцаў і сціпла, без пафасу расказваў нам, як на БМП суправаджаў пад агнём савецкія калоны…

А вось адсутнасць на агульным фота Анатоля Рудкоўскага – на шчасце, з’ява часовая. Перанесеная зусім нядаўна аперацыя не дазволіла нязменнаму кіраўніку раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” далучыцца да сяброў. Ды і ад названай пасады чалавеку, які не прывык працаваць “напаўсілы” давялося адмовіцца. Аднак без прывітання з нагоды свята Анатоль Валянцінавіч не застаўся: работнікі Вялікадолецкага СДК прыйшлі да яго на дом са спецыяльна падрыхтаваным канцэртам. Пабывалі яны і ў Заазер’і, каб узняць настрой удавы прыгаданага вышэй Валерыя Ляхоўскага.

Ну а тым часам на традыцыйным мітынгу ва Ушачах слова ад імя афганскай суполкі трымаў яе новы лідар Уладзімір Андрыковіч. Дзейсны, актыўны, прынцыповы – няма сумненняў, што ён дастойна справіцца з даручанымі абавязкамі. Са словамі павагі за выкананы інтэрнацыянальны абавязак да воінаў-афганцаў звярнуўся кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Ён прыгадаў, што гэта вайна была адной з самых доўгіх і пакутлівых, у далёкай краіне ваявала больш ста ўшачан, трое з іх не вярнуліся дамоў. “Крыніца нашых каштоўнасцяў – гістарычная памяць”, – зазначыў прамоўца і падкрэсліў, што мы павінны захаваць яе для нашчадкаў, не даць моладзі трапіць пад уплыў тых, хто скажае гісторыю.

Па традыцыі прысутныя ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання. Прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, жыхары райцэнтра ўсклалі вянкі і кветкі да памятнага знака. Захоўваюць звесткі пра вайну і афганскія песні: адну з іх шчымліва і кранальна выканаў пад гітару культработнік Аляксандр Грыневіч. Прыгожым момантам урачыстасці стала і акцыя “Памяць сэрца”, падчас якой актывісты райкама БРСМ прынеслі да пастамента запаленыя лампадкі. Ад шчырага сэрца стараліся майстры Дома рамёстваў і наведвальнікі аддзяленняў ТЦСАН парадаваць воінаў-інтэрнацыяналістаў прыгожымі памятнымі сувенірамі – і гэта цалкам удалося.

Як і кожны год, воіны-афганцы размеркавалі паміж сабой жалобныя маршруты, пракладзеныя па месцах пахавання сваіх сяброў. Наведалі магілы загінуўшых падчас баявых дзеянняў Міхаіла Хрыпача, Аляксандра Клачка і Мікалая Ключонка, усклалі кветкі да помнікаў хлопцаў, што пайшлі з жыцця пасля вяртання на радзіму.

Некалькі год таму святочнае фота ў апошні раз адлюстравала разам ля афганскага знака аб’яднаных агульным горам страты Валянціну Аляксандраўну Клачок, Міхаіла Макаравіча і Ганну Тарасаўну Ключонак. Зараз з намі засталася толькі апошняя – і канечне, былыя вайскоўцы, прадстаўнікі мясцовай і раённай улады часта завітваюць у яе дом у Мажуйках. Вось і ў святочны дзень намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч падтрымала Ганну Тарасаўну цёплымі словамі, уручыла ёй падарунак ад раённай арганізацый РГА “Белая Русь”. Сустракала шаноўных гасцей у родных Рыбаках і Марыя Станіславаўна Сідаровіч, якая страціла сына-вайскоўца ў мірны час.

…Скончыць жа аповед хочацца добрымі зменамі, якія таксама ёсць на апошніх групавых фота. Так, ушацкія ветэраны з задавальненнем прынялі ў свае рады Віктара Леўшыка і Сяргея Даніловіча, якія нядаўна пераехалі ў наш раён. А сёлетні здымак аздобіў сямігадовы Ваня Гвоздзеў, які, каб больш арганічна ўпісацца ў ветэранскую суполку, нават апрануў прыкметна велікаваты ваенны галаўны ўбор. “Не было з кім пакінуць дома”, – тлумачыў яго прысутнасць дзядуля Аляксандр Мікалаевіч. Але хлопчык усім сваім выглядам паказваў, што ад дарослага мерапрыемства ён у захапленні. “Дзядуля расказваў мне, як ваяваў у Афганістане! Я ім вельмі ганаруся!” – прызнаўся Ваня і дадаў, што, магчыма, таксама стане ваенным, а калі спатрэбіцца – будзе бараніць Радзіму. Вось якія дастойныя ў нас нашчадкі падрастаюць!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *