Для оздоровления, поднятия тонуса и настроения в ФОК «Юность-Ушачи» приезжают даже из Лепеля!

Общество

Напружаная эпідэмічная сітуацыя не магла не адбіцца на запаўняльнасці спартыўных аб’ектаў. Але разам з тым, калі бавіць час у чатырох сценах, не даваць рухальную нагрузку арганізму, яго процідзеянне хваробам аслабее. Па ўсім відаць, гэта меркаванне падзяляюць многія: калі днямі мы пабывалі на спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”, і ў басейне, і ў трэнажорцы, і ў тэніснай зале было багата ўшачан.

Зрэшты, убачылі мы там не толькі нашых землякоў. Даўно чулі пра актыўную групу лепельскіх аматараў здаровага ладу жыцця, якія рэгулярна прыязджаюць на наш комплекс, – і вось нарэшце выпала нагода пазнаёміцца з суседзямі і нават папрысутнічаць на занятках па аквааэробіцы, якія ладзіла для групы інструктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Таццяна Шарына. Практыкаванні ў вадзе жанчыны выконвалі ў бадзёрым рытме, з шырокай амплітудай, а па ўсмешках на тварах было відаць, што трэніроўка дастаўляе ім задавальненне. Калі ж у перапынку яны прызналіся, што амаль усе належаць да катэгорыі “65+”, – у гэта верылася з цяжкасцю.

“Пра ўшацкі спарткомплекс мы даведаліся чатыры гады таму, калі ў лепельскую бібліятэку прыехалі ўдзельнікі клуба цікавых сустрэч “Ушачане”, – расказвае галоўны актывіст групы Фаіна Уладзіміраўна Беразняцкая. – У нас таксама ёсць падобнае аб’яднанне – вось і завязаліся сяброўскія стасункі. Актыўна “рэкламавала” басейн старшыня Ушацкай раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская, з якой падтрымліваем кантакт. Мы ж лёгкія на пад’ём – заказалі мікрааўтобус і прыехалі! І настолькі спадабалася, што ўжо чатыры гады курсіруем паміж нашымі гарадамі. Прыпыняў на пэўны час паездкі каранавірус, многія сур’ёзна хварэлі, але, як бачыце, мы не здаёмся: зрабілі прышчэпкі і зноў штотыднёва накіроўваемся ва Ушачы. Купляем калектыўны абанемент, паўгадзіны займаемся аквааэробікай, астатні час плаваем. Пачыналі мы заняткі пад кіраўніцтвам Віталя Бутоўскага – вельмі падабалася, з якой шчырай захопленасцю ён ставіцца да справы. Задаволены і цяперашнім інструктарам: Таццяна прадумвае кожную трэніроўку, падбірае для нас аптымальныя практыкаванні – так што, карыстаючыся выпадкам, хочам шчыра падзякаваць гэтым спецыялістам”.

“Шчыра зайздросцім ушачанам, якім пашанцавала мець такую спартыўную жамчужыну. Падобныя комплексы за апошнія гады з’явіліся ў многіх невялікіх гарадах вобласці, таму верым, што пабудуюць такі і ў Лепелі – тым больш што ў нашай краіне надзвычайная ўвага надаецца прыцягненню людзей да здаровага ладу жыцця”, – падзяліліся меркаваннямі лепяльчанкі.

У лепельскай камандзе жанчыны розных прафесій – інжынеры, урачы, бухгалтары – але актыўны лад жыцця іх вельмі згуртаваў. Нязменны ўдзельнік кампаніі і індывідуальны прадпрымальнік Аляксей Папоў, які возіць лепяльчанак на трэніроўкі і сам ахвотна плавае ў басейне. “Мы б прыязджалі і часцей, ды для пенсіянераў гэта ўсё ж накладна: хоць і танныя цэны на комплексе, але пэўную суму трэба аддаць за дарогу, таму “амалоджваемся” ў вас толькі раз у тыдзень”, – зазначаюць субяседніцы.

А ці ёсць інтарэс да аквааэробікі ва ўшацкіх жанчын? І наколькі карысны “фітнэс у вадзе”? Пра гэта мы пацікавіліся ў Т.Шарынай. “Нашы зямлячкі аддаюць перавагу заняткам у вячэрні час – ладзяцца яны па панядзелках, серадах і пятніцах з 19.30. Аквааэробіка ж падыходзіць для людзей любога ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі. Ёсць у нашых групах і маладыя мамы, і пенсіянеркі, і людзі сярэдняга ўзросту. Нядаўна, напрыклад, далучыліся дзве полацкія медработніцы, якія прыязджаюць ва Ушачы пасля змены. Комплексы практыкаванняў распрацоўваю з улікам фізічных магчымасцяў. Перш чым узяцца за гэты напрамак, прайшла спецыяльную падрыхтоўку, а тэму аздараўляльнага ўздзеяння плавання выбрала для дысертацыі ў магістратуры Полацкага ўніверсітэта, дзе зараз заканчваю навучанне. Вельмі прыемна бачыць плён нашых заняткаў, чуць, што нехта “пакінуў у басейне” некалькі лішніх кілаграмаў, пазбавіўся цэлюліту, узняў тонус і настрой, стаў менш стамляцца і лепш спаць. І вядома ж, мы чакаем у басейне ўсіх жадаючых. Падрабязнасці можна ўдакладніць па нумары (8-029) 890-80-09”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *