Ветеран Афганской войны, майор Виктор Левшик провёл урок в Ушачской школе и рассказал про суровые события тех времён

Общество

Сваю сустрэчу са старшакласнікамі Ушацкай школы, якая ладзілася ў рамках пасяджэння клуба “Прававы навігатар”, ветэран афганскай вайны, маёр Віктар Іванавіч Леўшык пабудаваў даволі незвычайна. Яго аповед не быў надта багаты на яркія падрабязнасці баявых аперацый і апісанне ратных подзвігаў. Суровыя падзеі тых часоў ён паказаў праз прызму гісторыі і сучаснай геапалітыкі – такім чынам сустрэча ператварылася ў захапляльны ўрок, матэрыял якога выкладаў вельмі кампетэнтны настаўнік.

Афганістан стаяў на старажытным “Шаўковым шляху” і за гэтую скалістую непрыветлівую зямлю здаўна ішла жорсткая барацьба. Загаворы, здрады, міжусобныя канфлікты панавалі тут спрадвеку, а ў ХІХ стагоддзі краіна трапіла ў эпіцэнтр змагання за сферы ўплыву паміж Расійскай і Брытанскай імперыямі. Кроў тут пралівалася заўжды. Чаго варты толькі эпізод, калі ў час Першай англа-афганскай вайны з узятага ў асаду кабульскага гарнізону ў бок Джэлалабаду з надзеяй на выратаванне рушыла 16 тысяч брытанцаў (у іх ліку былі жанчыны і дзеці), аднак падчас 90-мільнага шляху літаральна ўсе яны былі знішчаны ў гарах афганцамі – да сваіх дабраўся толькі адзін паранены доктар. “Прыводжу гэты факт, каб засведчыць, што ў 1979 годзе мы прыйшлі туды, дзе не любяць чужынцаў”, – зазначае Віктар Іванавіч.

Дарэчы, менавіта 40-кіламетровы ўчастак прыгаданай дарогі павінна была ахоўваць рота, якой кіраваў малады афіцэр. Справа адбывалася ўжо напрыканцы ваенных дзеянняў – у 1987-88 гадах. У падначаленні Віктара Леўшыка было чатыры мотастралковыя і далучаны танкавы ўзвод. “Літаральна штодня я арганізоўваў баявыя трэніроўкі: грукат вучэбных стрэльбаў, напэўна, бянтэжыў афганцаў – і тыя не так актыўна прадпрымалі спробы нападзення на наш участак”, – прыгадвае ён. З аднаго боку да дарогі прымыкала глыбокая цясніна, з другога – скалы, і каб душманам было складана знянацку падабрацца да шашы, на вышыні ўладкоўвалі пасты – байцы, што неслі там вахту, прымалі на сябе першы ўдар ворага. “Вайна – гэта боль, пакуты і, на жаль, страты жывых людзей. Сумна вядомы “груз 200” суправаджалі ў Саюз афіцэры, і свае пачуцці пры гэтым яны перадавалі так: “Лепш бы я сам ляжаў у гэтай труне…” – расказвае Віктар Іванавіч.

Камандзір – гэта абавязкова і псіхолаг, і каб не дапусціць зрываў у паводзінах падначаленых, неабходна было кантраляваць іх дзеянні, ведаць настрой. Віктар Іванавіч прыгадвае, як трапіў пад яго ўвагу адзін салдат, ураджэнец Заходняй Украіны, – пасля гутарак і назіранняў папрасіў камандзір роты вышэйшае кіраўніцтва перавесці неўраўнаважанага хлопца з небяспечных пазіцый. Ды ўсё ж пазбегнуць трагічных выпадкаў удавалася не заўсёды: і асабліва крыўдна было, калі байцы цярпелі не ад варожых куль, а ад уласнай недысцыплінаванасці – так, прынамсі, атрымаў раненне зампаліт яго роты.

Віктар Іванавіч Леўшык нарадзіўся ў 1959 годзе ў Гродне. У 1981 скончыў Кіеўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, праходзіў службу ў самых розных кутках Савецкага Саюза – ад Прыбалтыкі да Забайкалля. Завяршыў ваенную кар’еру ў 2000 годзе на пасадзе намесніка ваеннага камісара Гродзенскага раёна. Жыхаром Ушаччыны стаў некалькі год таму і зазначае, што раён яму вельмі падабаецца: прывабліваюць як выдатная прырода, так і цудоўныя шчырыя людзі.

Сам жа Віктар Іванавіч ваяваў мужна і самааддана. Сведчыць пра гэта і высокая ўзнагарода – ордэн Чырвонай зоркі. Аднойчы быў атрыманы загад аб перадыслакацыі роты. Вядома ж, перш чым перабазіравацца, трэба было правесці рэкагнасцыроўку. Пры разведцы мясцовасці ў гарах Віктар Леўшык разам з камандзірам узвода выявілі вялікі склад боепрыпасаў – прыкладна ў трохстах метрах ад дарогі якраз насупраць плануемай кропкі размяшчэння роты. Было відавочна, што душманы ведалі пра перадыслакацыю і планавалі нанесці знішчальны ўдар. Камандзір роты і яго напарнік уважліва агледзелі зверху прылеглую мясцовасць у бінокль і запеленгавалі бандфарміраванне, што рухалася ў гэты бок. Вядома ж, інфармацыя была аператыўна перададзена кіраўніцтву батальёна, якое прыняла рашэнне нанесці папераджальны ўдар па праціўніку з устаноўкі “Град”. Банда была ліквідавана, а Віктара і яго баявога таварыша прадставілі да высокай узнагароды.

Увогуле ж у час афганскай службы маёр Леўшык не адзін раз быў у паўкроку ад гібелі. Аднойчы, калі Віктар знаходзіўся ў шпіталі, яго прозвішча памылкова занеслі ў спіс загінуўшых – высветліўся гэты факт, калі праз некаторы час яго матулі патэлефанаваў дэмабілізаваны аднапалчанін сына і журботна пацікавіўся, дзе пахаваны яго баявы сябра…

…33 гады прайшло з часоў, калі апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Вось толькі спакой і згода тут так і не ўсталяваліся: не змаглі зладзіць са спрадвечным мясцовым укладам ні ўсходнія, ні заходнія “міратворцы” – як і пяць стагоддзяў таму, раздзіраюць шматпакутную зямлю супрацьборствы і супярэчнасці. Складана разабрацца ў хітраспляценнях гісторыі – але вельмі важна выносіць з мінулага слушныя ўрокі і, канечне, ні ў якім разе нельга пераглядаць сэнс і вынікі падзей ва ўгоду палітычным павевам. І абвяшчэнне ў Беларусі Года гістарычнай памяці дае падставу яшчэ больш глыбока асэнсаваць мінулае, аддаць даніну павагі гераічным продкам і парадавацца, што ў айчыннай Канстытуцыі ёсць такія радкі: “Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах іншых дзяржаў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *